Ілля Дабратвор: Найперш у школьных паборах вінаваты бацькі



Палітык і шматдзетны бацька Ілля Дабратвор выказаў сваё меркаванне, чаму сёння бацькам даводзіцца здаваць шмат грошай у школы і дзіцячыя садкі.

У верасні ў Беларусі запусцілі сайт pobory.by, дзякуючы якому высвятлілася, што зборы ў школьных і дашкольных установах краіны не такія і малыя. Аўтары ініцыятывы падлічылі, што ўсяго ў год з бацькоў сабралі больш за 50 мільёнаў даляраў, якія пайшлі на розныя рамонты і гэтак далей.

Ілля Дабратвор: Я гэтую сітуацыю разглядаю так. Калі нашы высокія чыноўнікі кажуць, што ў нас бясплатная адукацыя, то няхай яна і будзе бясплатнай. Але даводзіцца кожны год плаціць, і лічбы проста неверагодныя.

Я разумею, калі ў сям’і адно дзіця, то можна і 100 рублёў выдаткаваць у год на школу. Але калі ў цябе пяць дзяцей, як у маім выпадку, то атрымліваецца, што я вымушаны заплаціць на школьныя патрэбы амаль месячны заробак. Гэта, лічу, няправільна.

РР: Але ж у школах кажуць, што зборы – справа добраахвотная…

Ілля Дабратвор: Мяркую, што найперш тут вінаватыя не настаўнікі, бо нярэдка самі бацькі разводзяць такія праблемы. У нас сярод бацькоў нядаўна была жорсткая дыскусія з нагоды таго, ці трэба здаваць грошы на агульны падарунак дзецям. Мы з жонкай вырашылі, што лепш самі купім нашаму дзіцяці падарунак, і няхай яго ў класе падораць. Але што здзіўляе, маці дзяцей гатовы скубаць адзін аднаго ў Інтэрнэце і дыскутаваць па некалькі сутак. Яны ж выступаюць і за тое, што акрамя дзяржаўных збораў бацькі павінны здаваць яшчэ і нейкія свае.

Напрыклад, здаем грошы на рамонт кабінета, а на наступны год мой сын у гэтым кабінеце вучыцца ўжо не будзе. Для каго тады рамантуем?

РР: Адным словам, гэта такі бясконцы працэс…

Ілля Дабратвор: Абсалютна правільна, і тут, як ужо казаў больш вінаватыя бацькі, якія б’юць капытамі, каб выслужыцца перад педагогамі. Неаднойчы я прапаноўваў бацькам звярнуцца ў адміністрацыю нашага раёна, каб выдаткавалі дадатковыя сродкі на рамонт школы, але тут адчуў супрацьстаянне нават не з боку настаўнікаў, а з боку бацькоў. Ім, відаць, прыносіць асалоду, калі яны абіраюць самі сябе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ПЦ „Вясна”