Іллю Міронаву могуць інкрымінаваць фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці



Гомельскаму валанцёру Іллю Міронаву, які знаходзіцца ў гомельскім СІЗА №3, могуць інкрымінаваць частку 1-ю артыкула 361 – 2 Крымінальнага кодэксу (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Гэта вынікае з адказу з РАУС Савецкага раёна Гомеля, які прыйшоў актывісту на хатні адрас. Валянціна Міронава падкрэслівае, што ніякай іншай афіцыйнай інфармацыі пра сапраўдныя прычыны зняволення яе сына яна дагэтуль не атрымала ані ад праваахоўных органаў, ані ад адвакатаў:

 – Што яму інкрымінуюць, мне ніхто не паведаміў. Адвакат нават не мае права нумар артыкула назваць. Але яшчэ да арышту Ілля ва УУС напісаў ліст і прасіў сказаць, што з яго маёмасцю, якую ў ліпені ў яго канфіскавалі падчас ператрусу. Прыйшоў адказ на гэты ліст. А там выразна напісана – частка 1-я артыкула 361 – 2.

Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў кінуты за краты ў гомельскі СІЗА №3. Ягонае затрыманне адбывалася адначасова з хваляй пераследу грамадзян за каментары пасля гібелі супрацоўніка КДБ падчас страляніны ў Менску на вуліцы Якубоўскага. 

Беларускае Радыё Рацыя