Ім усё можна…?



Толькі праз 5 месяцаў і 2 дні, 18 лютага 2015 года, Жодзінскі суд вырабіў пратаколы і даў магчымасць заяўнікам па справе забароненага пікету ў падтрымку Мікалая Статкевіча ды іншых беларускіх палітвязняў азнаёміцца са справай.

Пры гэтым, суддзя Тацяна Трапашка, падчас асабістай сутрэчы з праваабаронцам Аляксеем Лапіцкім, адзначыла, што для падрыхтоўкі заўвагаў на пратакол, згодна з ГПК Рэспублікі Беларусь, яму адпускаецца роўна тры дні.

unnamed

У выніку перамоваў суддзя, якая вынесла адмоўныя пастановы (прыватнае вызначэнне і рашэнне) па скарзе праваабаронцаў Аляксея Лапіцкага і Святланы Лапіцкай на неправамоцныя дзеянні службовых асобаў Жодзінскага гарвыканкаму ды іншых установаў, якія забаранілі і перашкаджалі  правядзенню мірнага сходу (пікетавання), пагадзілася на 5 дзён для падачы заўвагаў на пратакол – да серады, 25 лютага 2015 года.

Аляксей Лапіцкі: – Жодзінскі суд дазваляе сабе больш за 5 месяцаў замест 1 сутак па ГПК для падрыхтоўкі належных пратаколаў, а таксама матэрыялаў справы наогул, якую немагчыма было атрымаць праз канцылярыю і сакратарыят у судзе ўвесь гэты час.

5 месяцаў і 5 дзён – вось тыя суадносіны роўнасці ў правах паміж грамадзянамі і адмінстрацыямі ў Беларусі – усяго 155 дзён супраць 5 экстрэмальных, прадчас якіх я, фактычна, павінен кінуць усе справы і займацца выключна гэтым неадкладным пытаннем.

Ужо беглы агляд матэрыялаў справы выявіў пэўныя судовыя недапрацоўкі:

Дадзены дакумент за №1605, выдадзены і падпісаны 11 лютага 2015 года суддзёй Тацянай Трапашкаю, быў дастаўлены праваабронцам і атрыманы імі праз паштовую скрыню толькі 18 лютага 2015 года (7 дзён – на дастаўку нарачным па Жодзіне?).

Акрамя таго, праваабаронца заўважыў, што ў запісах на рэгістрацыйным аркушы матэрыялаў справы фігуруе паведамленне аб тым, што 29.10.2014г. з судовай справаю (якой для заяўнікоў у Жодзінскім судзе не было) быццам бы ўжо знаёмілася нейкая асоба Ксяндзова ў якасці прадстаўніцы Жодзінскага выканкаму.

Аднак, 1) – у судзе інтарэсы выканкаму заўсёды прадстаўляла Вольга Вэргель і 2) – матэрыялы справы з 16.10.2014 году ў Жодзінскім судзе адсутнічалі…

Дакументы пад рознымі падставамі не прадстаўляліся заяўнікам для азнаямлення ў канцылярыі Жодзінскага суду да 19.02.2015, бо супрацоўнікі канцылярыі не маглі іх знайсці ні 16.10.2014г., ні 24.10.2014г., ні 27.10.2014г.  Увесь гэты час матэрыялы знаходзіліся невядома дзе і не былі падшытыя. Акрамя таго ў іх не было аніводнага пратаколу.

Алесь ЛЕТА, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Аляксея Лапіцкага