Інгушскага апазіцыянера і блогера Ісмаіла Нальгіева дэпартуюць з Беларусі



Затрыманага ў нацыянальным аэрапорце Мінск інгушскага апазіцыянера і блогера Ісмаіла Нальгіева дэпартуюць з Беларусі. Такое рашэнне прынятае Аддзелам па грамадзянстве і міграцыі Кастрычніцкага раёна Менска, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Артыкул КоАП, паводле якога Нальгіеў быў затрыманы 8 траўня менскай міліцыяй, дагэтуль не вядомы. Меркавалася, што 10 траўня яго будуць судзіць, аднак адвакату паведамілі, што суда не будзе.

Гарэцкі зазначыў, што, на думку адваката, адміністрацыйны пратакол быў складзены фармальна, каб затрымаць Нальгіева на нейкі час у Беларусі і прыняць рашэнне аб яго выдачы Расеі.

Паводле слоў намесніка кіраўніка БАЖ, зараз адвакат спрабуе абскардзіць гэтае рашэнне, каб прыпыніць працэс дэпартацыі на час разгляду скаргі. Тым часам затрыманы апазіцыянер і блогер па-ранейшаму ўтрымліваецца ў ізалятары на вуліцы Акрэсціна ў Менску.

Барыс Гарэцкі таксама распавёў, што 8 траўня для Нальгіева ў ізалятары прынялі перадачу, а 9 траўня адвакат напісаў шэраг скаргаў на дзеянні міліцыі пры затрыманні Нальгіева.

Напярэдадні праваабаронцы запатрабавалі ад уладаў Беларусі не дапусціць парушэння правоў Ісмаіла Нальгіева. У сумеснай заяве, тэкст якой апублікаваны 9 траўня на сайце РГА „Прававая ініцыятыва”, адзначаецца, што кіраўнік грамадскай арганізацыі „Выбар Інгушэціі” Ісмаіл Нальгіеў быў затрыманы пры спробе вылету з Менска ў Прагу.

„Ісмаіл Нальгіеў вядомы як актыўны ўдзельнік пратэстаў супраць дамовы аб мяжы паміж Чачнёй і Інгушэціяй. Мы мяркуем, што затрыманне актывіста звязанае з яго ўдзелам у пратэстах на тэрыторыі Інгушэціі”, — гаворыцца ў заяве.

„Існуе рызыка перадачы Ісмаіла Нальгіева ўладам Інгушэціі без выканання ўсталяванай законам працэдуры, бо такія выпадкі ўжо былі ў Беларусі: у 2017 годзе Мурад Амрыеў быў „перададзены” Расеі, нягледзячы на яго заявы пра пагрозы прымянення катаванняў у выпадку выдачы ў Расейскую Федэрацыю, таксама ў 2017 годзе з Беларусі быў вывезены Уладзімір Ягораў і перададзены супрацоўнікам ФСБ без якой-небудзь прававой працэдуры”, — нагадваюць аўтары заявы.

Яны адзначаюць, што ў Інгушэціі існуе пагроза прымянення катаванняў у дачыненні да Нальгіева, а таксама нагадваюць, што ў адпаведнасці з Канвенцыяй ААН супраць катаванняў і іншых відаў абыходжання і пакарання, якія ёсць жорсткімі, бесчалавечнымі ці прыніжаюць годнасць, „ні адна дзяржава-ўдзельніца не павінна высылаць, вяртаць або выдаваць якую-небудзь асобу іншай дзяржаве, калі існуюць сур’ёзныя падставы меркаваць, што ёй можа пагражаць там прымяненне катаванняў”. Акрамя таго, згодна з беларускім заканадаўствам замежнікі не могуць быць выдвараныя за межы Рэспублікі Беларусь у дзяржаву, дзе іх жыццю або свабодзе пагражае небяспека і катаванні.

Праваабаронцы патрабуюць ад беларускіх уладаў „няўхільнага выканання заканадаўства Рэспублікі Беларусь і выканання ўсіх неабходных працэдур для недапушчэння парушэння правоў Ісмаіла Нальгіева”.

belapan.by