Ініцыятыва “Гародня” дапаможа гарадзенцам



Прадстаўнікі розных палітычных партый Гародні і простыя жыхары горада ўвайшлі ў новыю ініцыятыву, якая дапаможа ў вырашэнні сацыяльных пытанняў гараджан. Ініцыятыва мае назву “Гародня” і яна адразу заявіла пра сваё існаванне першымі зборамі подпісаў.

Сярод стваральнікаў ініцыятывы такія грамадскія актывісты як Ігар Банцар і Анатоль Мышкевіч, Сяргей Двурэчанскі і Мікола Салянік.

Пра стварэнне ініцыятывы распавядае Ігар Банцар:

– Ініцыятыва была створана для рашэння праблем гараджан. То бок, мы займаемся рашэннем сацыяльных і іншых праблем, але толькі тых, якія гарадзенцы лічаць неабходнымі.

Актывіст БХД Сяргей Верамеенка вельмі рады, што ў горадзе з’явілася новае згуртаванне людзей, якое будзе дапамагаць гараджанам:

– Ініцыятыва, насамрэч, патрэбная. І трэба, каб не адна ініцыятыва была, а пажадана, каб як мага болей. Зразумела, што ўсе мы занятыя, што ў кожнага ёсць свая праца і інтарэсы. Але вельмі добра, што знаходзяцца такія людзі, якія бяруць на сябе  адказнасць і штосьці робяць.

Адным з першых дзеянняў ініцыятывы стаў збор больш за 200 подпісаў за ўпарадкаванне пустыра ў мікрараёне Вішневец у Гародні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня