Inspired BY Grodnо адбыўся ў гарадзенскім «Партале»



Гарадзенская тайм-кавярня „Партал” стала месцам, дзе на сустрэчы пад назваю Inspired BY Grodno сабралося амаль тры дзясяткі грамадскіх актывістаў, што прадстаўляюць розныя галіны грамадскага жыцця горада.

Пра сустрэчу распавядае адзін з арганізатараў Вадзім Саранчукоў:

– У Гародні гэта ўжо другі этап Inspired BY. Другі год запар мы праводзім падобныя мерапрыемствы. Гэта магчымасць сустрэцца абсалютна розным людзям, як палітычным, так і непалітычным, грамадскім актывістам, увогуле не актывістам. Паглядзець адно на аднаго, пазнаёміцца, знайсці аднадумцаў, зарадзіцца ідэяй і імпэтам на перспектыву.

Прадстаўніца арганізацыі Цэнтр «Трэці Сектар» Соня Гаўрыленка прадставіла на сустрэчы праекты розных моладзевых абменаў:

– На гэтай сустрэчы я прадстаўляла міжнародныя праекты «Эразмус». Я вельмі рада, што тут такія крутыя людзі, і ўсе вельмі зацікаўленыя ва ўсім гэтым. Усім раю, калі вы жадаеце штосьці зрабіць у сваім жыцці, вандраваць, і ў вас на гэта няма грошай, то лепш за ўсё гэта ехаць на «Эразмус» на доўгатэрміновыя або кароткатэрміновыя праекты. І я гарантую, што яны зменяць вашае жыццё.

На сустрэчы таксама можна было паслухаць Руслана Кулевіча, журналіста рэгіянальнага выдання Hrodna.life, і дырэктарку Біг-міні фестывалю вулічнага мастацтва Анастасію Роўба.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча