Расоны прызнаныя партызанскай сталіцай Беларусі



Удзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі „Расонскі край: гісторыя, культура, людзі”, якая прайшла 13—14 лютага, прызналі Расоны (Віцебская вобласць) партызанскай сталіцай Беларусі. 

Канферэнцыю, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння Пятра Машэрава, ладзіў у Расонах Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук разам з мясцовымі ўладамі.

„Гаворка ішла пра тое, каб вылучыць Расонскі край, каб у яго з’явіўся свой твар, — паведаміў БелаПАН удзельнік канферэнцыі кандыдат гістарычных навук Марат Клімаў, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі. — Там самы вялікі музей, прысвечаны партызанам, і больш за ўсё вёсак спалена менавіта ў Расонскім раёне. Там было больш за ўсё карных аперацый, там ёсць цалкам рэканструяваны партызанскі лагер. Да таго ж, гэта самы лясны рэгіён Беларусі. Уся сукупнасць гэтых фактаў і паказвае, што гэта — партызанская сталіца”.

На думку гісторыка, афіцыйна замацаваны статус дапаможа Расонскаму краю завабіць турыстаў і не быць у цені Полаччыны, бо гэта маленькі раён без прамысловасці. Да таго ж, у рэгіён могуць быць укладзеныя сродкі для дадатковых навуковых даследаванняў.

Цяпер навуковая канферэнцыя гісторыкаў будзе праходзіць у Расонах рэгулярна, што таксама можа прыцягнуць увагу да рэгіёна ў навуковым сэнсе.