Інтэрнэт-рэсурсы ej.by і nn.by атрымалі папярэджанні
Міністэрства інфармацыі абвесціла пісьмовыя папярэджанні ўладальнікам інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў — ej.by і nn.by.
У дачыненні да ej.by папярэджанне абвешчана за публікацыю «Беларускае войска комплексна правяраюць на боегатоўнасць». Публікацыя суправаджаецца фатаграфіяй нямецкай тэхнікі часоў Другой усясветнай вайны. «Такая кампіляцыя тэксту і фатаграфіі дыскрэдытуе Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь», — адзначылі ў Мінінфарме.
У матэрыяле nn.by пад загалоўкам «У Беларусі — чырвоны ўзровень дэмаграфічнай небяспекі: штогод вымірае райцэнтар», сцвярджаецца пра нібыта катастрафічную дэмаграфічную сітуацыю ў краіне. «Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, што пацвярджаецца статыстычнымі дадзенымі Нацыянальнага статкамітэту Беларусі, размешчанымі на інфармацыйным рэсурсе belstat.gov.by. Падобная недакладная інфармацыя ў артыкуле nn.by дыскрэдытуе выніковасць дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі», — лічаць у міністэрстве.
