Інцыдэнт з самалётам Ryanair: вынікі расследавання разгледзяць 13 верасня
Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) анансавала даклад аб прымусовай пасадцы ў Менску самалёта авіякампаніі Ryanair. Як перадае Deutsche Welle, Рада ICAO будзе праінфармаваная пра актуальны стан расследавання 13 верасня. Калі чальцы рады будуць згодныя, тады ж прамежкавыя вынікі будуць і апублікаваныя. Папярэдне чакаецца, што вынікі расследавання і зробленыя на яго аснове высновы будуць прадстаўленыя ў лістападзе.
23 траўня ў Менску быў прымусова пасаджаны самалёт Boeing 737 рэйса Афіны — Вільня ірландскай авіякампаніі Ryanair. На борце знаходзіліся апазіцыйны журналіст Раман Пратасевіч і яго сяброўка, студэнтка ЕГУ Сафія Сапега. Абаіх затрымалі.
Гэты інцыдэнт прывёў да міжнароднага скандалу, у выніку якога над Беларуссю перасталі ажыццяўляць палёты многія еўрапейскія авіякампаніі, а для беларускіх самалётаў усе сумежныя краіны, акрамя Расеі, закрылі неба.
