Інваліда 2 групы з Кобрыні запрасілі на сустрэчу з Качанавай у Лепель



Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава прымае жадаючых вырашыць свае праблемы людзей у Лепелі, Віцебскай вобласці. 12 ліпеня прыехаць да Качанавай у Лепель запрасілі і інваліда 2 групы, жыхара Кобрыні Аляксандра Краўчука.

Ён даўно дамагаецца трапіць да Качанавай на прыём, каб вырашыць пытанні абяцанага рамонту дарогі да свайго дома і працаўладкавання. Але даехаць  за кароткі час можна было хіба толькі на самалёце, кажа Аляксандр Краўчук:

– Фізічна не паспяваю на прыём. Гэта для мяне вялікая адлегласць, з улікам маіх фізіалагічных праблем, мне вельмі складана пераадалець такую адлегласць. Я думаю, што гэта адмыслова так зроблена, каб я не прыехаў.

Аляксандр Краўчук некалькі месяцаў таму ездзіў на прыём да Качанавай у Менск. Там было шмат людзей. Але Качанава прыём у той дзень адмяніла і правяла яго, не папярэдзіўшы людзей, на другі дзень. Цяпер вось 12 ліпеня запрасілі на раніцу 13-га на прыём у Лепель. Тэатр абсурду, абураецца інвалід. На думку Краўчука самая вялікая праблема – гэта чыноўнікі на месцах, якія ці не ўмеюць вырашаць праблемы, ці не хочуць. Выкарыстоўваюць уладу выключна на свой дабрабыт.

Беларускае Радыё Рацыя