Інжынера-канструктара «Нафтана» арыштавалі на 15 сутак за фота ў Instagram



Інжынера-канструктара «Нафтана» арыштавалі на 15 сутак за фота з плакатам «Я/МЫ TUT.бай» у Instagram. Аляксандр Балонкін працуе на «Нафтане», з’яўляецца намеснікам кіраўніка незалежнага прафсаюза работнікаў «Нафтана». Яго затрымалі яшчэ 27 верасня на працоўным месцы, паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”.

У наваполацкім ГАУСе на мужчыну склалі пратакол па артыкуле – распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць. Правапарушэнне, на думку міліцыянтаў, у тым, што на сваёй старонцы ў Instagram «Аляксандр распаўсюдзіў інфармацыйны прадукт, уключаны ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Да пісьмовых матэрыялаў справы быў далучаны скрыншот публікацыі, на якім мужчына стаіць з плакатам «Я/МЫ TUT.бай». Справу Аляксандра 1 кастрычніка разглядзела суддзя Наваполацкага раёна Зінаіда Балаболава. Яна арыштавала мужчыну на 15 сутак менавіта за «экстрэмісцкі» лагатып на фота ў Instagram.