Ірына Траццякова: Мы дапамагаем эвакуацыі палітычных уцекачоў, якія знаходзяцца ва Украіне



Ірына Траццякова, праваабаронца з Віцебска, якая год таму была вымушана з’ехаць ва Украіну праз палітычны пераслед, распавяла пра новы накірунак праваабарончай дзейнасці ў сучасных украінскіх рэаліях:

– Я сяджу на “гарачай лініі”. І ўсе праваабаронцы – беларускія і ўкраінскія, і ўкраінскія грамадскія арганізацыі, якія працавалі і працуюць з Беларуссю, мы займаемся эвакуацыяй грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Гэта ўцекачы, якія сталі ўцекачамі праз палітычныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі. Цяпер яны ў розных статусах знаходзяцца ў розных рэгіёнах Украіны.

Праваабаронцы стварылі  адмысловую сетку дапамогі беларускім палітуцекачам і гатовыя дапамагчы тым, хто хоча пакінуць тэрыторыю, дзе вядуцца ваенныя дзеянні. Між тым, Польшча адчыніла свае межы з Украінай, дазволіўшы бязвізавы ўезд пры наяўнасці пашпарту або іншага дакумента, які можа засведчыць асобу. На ўкраінска-польскім памежжы неўзабаве будуць працаваць 9 пунктаў прыёму ўцекачоў – па чатыры ў Падкарпацкім і Люблінскім ваяводствах і на чыгуначным вакзале ў Перамышлі.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]