“Існаванне Белсата ўмацоўвае патрыятычны настрой у грамадстве…”



22 снежня ў Менску распачаўся марафон салідарнасці з тэлеканалам Белсат – флэш-моб «Здымі відэа для Белсата».

«Лёс тэлеканала яшчэ не вырашаны канчаткова. Кожны з вас можа дапамагчы захаваць яго: зняць відэазварот, апублікаваць на сваім профілі ў сацыяльных сетках, – прапаналі арганізатары флэш-мобу. – Скажы на камеру, чаму ты асабіста лічыш, што трэба захаваць Белсат, і запрасі іншых падпісаць петыцыю да прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды”.

На акцыю, якая праходзіла ля Музея Максіма Багдановіча ў Траецкім прадмесці, прыйшлі палітыкі, літаратары, праваабаронцы, журналісты, якія выказваліся за захаванне тэлеканала.

Юрась Губарэвіч, старшыня руху “За свабоду”: – Мы павінны быць нераўнадушнымі да таго, што адбываецца і разумець – калі знікне Белсат, то свабоднай інфармацыі будзе значна менш. У нашых інтарэсах, каб Беларусь развівалася, як самастойная і незалежная краіна, каб беларусы мелі альтэрнатыўны пункт погляду і маглі самастойна прымаць рашэнні. Толькі так можна казаць пра будучыню і нейкія перспектывы.

Мікалай Статкевіч, былы кандыдат у прэзідэнты: – Дзевяць гадоў тэлеканал Белсат нясе ў беларускае грамадства добрае роднае слова. Шмат зроблена для ўмацавання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. І тое, што беларусы сталі апошні часам паварочвацца да сваёй мовы, вельмі значная заслуга Белсата. Я шчыра ўдзячны польскай дзяржаве за тое, што яна дала нам такую магчымасць. Безумоўна, гэта ўрад Польшчы вырашае, куды яму вызначаць польскія грошы. Але існаванне Белсата ўмацоўвае патрыятычны настрой у грамадстве, і, тым самым, умацоўвае незалежнасць Беларусі. Тыя польскія палітыкі, якія бачаць гарантыі незалежнасці ў сёняшняй беларускай уладзе, моцна памыляюцца. Сістэмныя падмуркі незалежнасці – нацыянальная свядомасць, гісторыя, беларуская мова. І галоўная гарантыя незалежнасці – гэта беларускае грамадства. Таму я думаю ў нацыянальных інтарэсах Польшчы ўмацоўваць беларускую ідэнтычнасць. Тады будзе мацнець і незалежнасць. А гэта стане гарантыяй міру і незалежнасці Польшчы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя Фота аўтара