Іван Бедка: Чаму нас зноў б’юць?..



Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл 9 траўня наведалі Пятралевіцкую гару, што недалёка ад Слоніма, і ўсклалі кветкі і вянкі на магілы ахвярам фашызму і сталінізму.

У гады Другой сусветнай вайны жыхары Слонімшчыны сталі ахвярамі шматлікіх карных аперацый фашыстаў. На Пятралевіцкай гары былі расстраляныя некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Сярод іх — 21 тысяча габрэяў з розных куткоў Беларусі, а таксама з Варшаўскага гета. На Пятралевіцкай гары ў 1942 годзе між іншымі расстраляныя і слонімскі езуіт Адам Штарк, а таксама непакалянкі Марта Валеўская і Ева Нашэўская. Там знайшлі свой апошні прытулак і тысячы беларусаў. Найбольш з іх былі расстраляныя органамі НКУС у канцы 1939 года — напачатку 1940-х гадоў. Расстрэлы на Пятралевіцкай гары працягваліся і пасля Другой сусветнай вайны. І калі ахвярам вайны ў 1964 годзе быў пастаўлены 12-метровы абеліск, то пра ахвяры сталіншчыны, на абеліску і магілах згадак няма, але гэтыя страшныя расстрэлы старэйшыя жыхары вёскі Пятралевічы і Слоніма памятаюць і сёння.

Сябра слонімскай суполкі БХД Іван Бедка сказаў: “Шкада, што ўсё паўтараецца ў XXI стагоддзі на нашай беларускай зямлі зноў. Людзей б’юць, арыштоўваюць, страляюць…Чаму так? На гэтае пытанне кожны няхай адкажа для сябе сам…”.

Беларускае Радыё Рацыя