Іван Бедка ўспамінае разгон акцыі 2010 года



Шмат слонімцаў прымалі ўдзел у самай масавай акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года і самым брутальным разгоне. Сярод якіх быў і сённяшні кіраўнік слонімскай суполкі БХД, сябра Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Іван Бедка.

Наш карэспандэнт папрасіў спадара Бедку прыгадаць той час сямігадовай даўніны.

— Спадар Іван , чаму Вы сем гадоў таму вырашылі прыняць удзел у мітынгу 19 снежня 2010 года?

— Я трапіў у Менск на плошчу, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак, каб унесці свой уклад у спыненне духоўнага і прававога Чарнобыля на Беларусі, які адбываўся больш за 16 гадоў. І я лічыў сваім абавязкам там прысутнічаць. І я свой абавязак выканаў.

— Як Вас арыштоўвалі?

— АМАП раскалоў мітынгоўцаў на групы, я быў якраз на плошчы Незалежнасці недалёка ад помніка Леніну. Амапаўцы акружылі нас, падагналі аўтазакі і пазаганялі нас туды. Самых апошніх білі дубінамі па чым папала. Адной жанчыне на маіх вачах дубінай выбілі зубы. Потым зачынялі дзверы аўтазакаў і везлі на Акрэсціна.  

— Колькі прыблізна людзей прысутнічала на мітынгу апазіцыі?

— Дзесьці каля 50 тысяч чалавек. Больш было моладзі, студэнтаў навучальных устаноў Менска, выкладчыкаў, шмат было простых рабочых. Са мной у камеры сядзелі адзін выкладчык, чатыры студэнты, адзін быў беспрацоўны. Розныя былі людзі.

— І куды вас усіх павезлі з плошчы Незалежнасці?

— На Акрэсціна. Там выгрузілі, загналі ў новы корпус, дзе трымалі да раніцы. Адначасова афармлялі паперы, далучыўшы нейкіх сведак — амапаўцаў, якіх мы бачылі ўпершыню. На Акрэсціна нас трымалі ў калідорах на ўсіх паверхах. Не давалі размаўляць, прымушалі стаяць тварам да сцяны, рукі трымаючы за галавой. А калі мы пачыналі размаўляць, то крычалі: “Молчать!” Па тэлефонах таксама нельга было размаўляць. На другія суткі павезлі на суд. А ў судзе ўсё было хутка і проста: усім давалі па 15 сутак, жанчынам — па 10, інвалідам — па 5, іншым — штраф. Пасля суду нас трымалі ў “стаканах”.

— Што гэта за “стаканы”?

— Гэта камеры, дзе ўмяшчаюцца толькі два чалавекі, а нас заганялі туды па чатыры чалавекі і трымалі па паўтара сутак. Не давалі ні піць, ні хадзіць у туалет, нічога не дазвалялі.

— А пасля “стаканаў”?

— А пасля “стаканаў” нас пачалі размяркоўваць па камерах. У новым корпусе Акрэсціна было больш-менш прыстойна. Там былі двух’ярусныя лежакі, матрацы нам выдалі, падушкі. А калі перавялі ў стары будынак, то там нічога не было, там проста здзекаваліся з затрыманых.

— А Вы дзе былі?

— У старым корпусе. У камерах там нас было па 10 чалавек, камеры невялікія. У нашай камеры пасярэдзіне — ляжанка, побач — “параша”. Забаранялі спачатку адчы­няць вокны для праветрывання, ніякіх матрацаў у нас не было. Калі мы пачалі пісаць скаргі, то дазволілі адчыняць акно. На шпацыр нас не выводзілі.

— А як кармілі?

— Тры разы ў дзень: каша, нейкая баланда, чай, хлеб.

— Ці даходзілі да вас перадачы з волі?

— Так. Мы да сённяшніх дзён вельмі ўдзячныя тады за падтрымку, дапамогу. Перада­ваць можна было толькі ваду, паперу туалетную, паперу звычайную, зубную пасту, ручкі. Спалі на голых нарах у сваім адзенні.

— Што найцяжэй было пераносіць у няволі?

— Гэта стаяць у “стаканах”. Калі прасілі вады, ахоўнікі казалі: “Нам самім не хапае вады”.

— А прэсу можна было вам перадаць?

— Нельга. Але некаторыя газеты мы атрымлівалі. Напрыклад, у “Нашай ніве” прачыталі спіс затрыманых.

— Ці памяняўся за гэты час наш народ?

— Памяняўся. Ён стаў больш смелым і адкрытым, якім надакучыла гэта ўлада і рэжым Лукашэнкі. Але сёння гэты рэжым нахабна знішчае ўсе мітынгі і дэманстрацыі. А выбараў дэмакратычных у Беларусі, як не было, так і няма…

Беларускае Радыё Рацыя