Каб запісацца ў беларускамоўную гімназію, людзі ночылі ў чарзе
З пятніцы, 12 чэрвеня, пачаўся прыём дакументаў у школы. Каб аддаць дзіця ў беларускамоўную 4-ю гімназію Менска, бацькі займалі чаргу за дзень і начавалі пад дзвярыма.
Каб не начаваць усім, людзі разбіліся на пяцёркі і з кожнай засталося па чалавеку, піша „Наша Ніва”. Прыём дакументаў у гімназію, як і ва ўсе школы, працягнецца да 15 жніўня.
Дырэктар Андрэй Гоцман паведаміў, што для першакласнікаў сёлета ёсць 96 месцаў — чатыры класы па 24 чалавекі. «У нас дастаткова высокія паказчыкі. Працуе музычная школа, ёсць цэнтр замежных моў — можна вучыць польскую, нямецкую дадаткова. І, напэўна, галоўнае — мы святкуем у гімназіі нашы традыцыйныя святы», — тлумачыць дырэктар такую ўвагу да ўстановы.
Калі ахвотных будзе больш, чым запланаваных месцаў, разгледзяць магчымасць данабору.
Фота Аляксандра Ачарэтняга