Кабыляцкую гару не пакідаюць у спакоі вандалы



Пад Воршай на месцы масавых бальшавіцкіх расстрэлаў 30-х гадоў учынены акт вандалізму. Шыльда пра аднаго з рэпрэсаваных – Тарэнту Шушкевіча – сур’ёзна пашкоджана невядомымі вандаламі.

Злачынцы і раней наведваліся на Кабыляцкую гару, каб нашкодзіць там.

З Воршы перадае наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч:

– Тарэнта Шушкевіч – адзін з тысячы рэпрэсаваных пад Воршай у 30-ыя гады мінулага стагоддзя. Бальшавікі прывезлі яго на расстрэл з вёскі Верапкі, што на Лепельшчыне. Запісалі ў польскія шпіёны, як і многіх ягоных аднавяскоўцаў. Вандалы, якіх ніколі не знаходзіла ўлада, неаднаразова наведвалі месца расстрэлу на Кабыляцкай гары. Гэтая шыльда і раней падвяргалася атакам. Дэмакратычная супольнасць лічыць, што гэта невыпадковы вандалізм, а праца на замову людзей, якія зацікаўлены ў тым, каб пахаваць злачынствы камуністаў у Беларусі. Адно зразумела, шыльду давядзецца вырабляць новую.

Шыльду ў памяць аб расстраляным чалавеку на мемарыле на Кабыляцкай гары ўсталяваў яго ўнук Валадар Шушкевіч, а вырабіў мастак Алесь Саўчанка. На шыльдзе з сумным сарказмам ёсць і подпіс “польскі шпіён”, па гэтым артыкуле Тарэнта Шушкевіч і быў засуджаны да смерці.

Беларускае Радыё Рацыя