Каго пакараюць за гібель салдата?
«Армейскае ведамства найперш павінна паказваць злачынцаў у пагонах, каб трагедыі больш не паўтараліся»,— кажа юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла.
Нагадаем, што днямі ў вайсковай часці пад Барысавам адбыўся трагічны выпадак: павесіўся 21-гадовы салдат тэрміновай службы. Упраўленнем Следчага камітэта па Менскай вобласці ўжо “прынята рашэнне аб завядзенні крымінальнай справы па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.443 (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы)”.
Гары Паганяйла: Рэзананс гэтай справы досыць вялікі, таму вінаватых абавязкова знойдуць. Іншая справа, што па традыцыі могуць пакараць толькі “стрэлачнікаў” з ніжэйшага звяна. Мяркую, не панясуць належнага пакарання больш высокія армейскія начальнікі, хаця яны таксама ў адказе таго, каб у іх падначаленай гаспадарцы такіх трагедый не было. Таму грамадскасць і патрабуе, каб Міністэрства абароны дасканала разабралася не толькі ў канкрэтнай трагедыі, а ўвогуле ў прычынах, якія да гэтага прывялі.
РР: Гэта не першая трагедыя ў вайсковых часцях…
Гары Паганяйла: Усё заканамерна. Калі адзін раз заплюшчылі вочы на сур’ёзнасць сітуацыі, другі і трэці, то выпадкі будуць паўтарацца ізноў і ізноў. Дарэчы, такая сітуацыя не толькі ў арміі.
РР: На ваш погляд, як на гэтую рэзанансную трагедыю Міністэрства абароны адрэагуе зараз?
Гары Паганяйла: Унутраныя разборкі, безумоўна, будуць, але не думаю, што яны выйдуць за межы гэтага ведамства. Усё могуць зрабіць ціха, без асаблівага інфармавання грамадскасці. Хаця тут армейцы найперш павінны паказваць злачынцаў у пагонах, каб такога больш ніколі не паўтарылася.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
