Калегі аднавілі доступ да «Беларусского журнала» – медыя, якое выдаваў Андрэй Аляксандраў



Праект перастаў абнаўляцца пасля затрымання Аляксандрава год таму.

Але калегі журналіста аднавілі доступ да сайта www.journalby.com, які нейкі час быў недаступны, перадае Беларуская асацыяцыя журналістаў.

З 2014 года ў «Беларуским журнале» выходзілі аналітычныя артыкулы і агляды, друкаваліся меркаванні лідараў думак, палітолагаў, эканамістаў і культуролагаў.

Пакуль на сайце няма новых матэрыялаў, але мы спадзяемся, што ў хуткім часе сітуацыя зменіцца, паведамляе novychas.online.

Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў быў затрыманы 12 студзеня ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Разам з журналістам была затрыманая і яго дзяўчына Ірына Злобіна. Ім абодвум  інкрымінавалі фінансаванне асоб, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту.

14 студзеня ў офісе БелаПАН, дзе Аляксандраў у 2014-2018 гадах працаваў намеснікам дырэктара, прайшоў ператрус. Канфіскаваная частка тэхнікі і носьбітаў інфармацыі. У пастанове на ператрус таксама фігураваў арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі»).

У чэрвені Аляксандраву выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Трымаюць яго ў СІЗА № 1 Менску.