Калі страхоўка пакрывае шкоду нанесеную стыхіяй?



Увечары панядзелка і ўночы на аўторак Пінск і яго аколіцы накрыла бура. Моцны вецер валіў дрэвы, зрываў дахі ў выніку чаго пашкоджаныя аўтамабілі, падвор’і. Не абышлося і без залевы.

Стыхія прынесла дадатковую працу не толькі камунальнікам і ратавальнікам, але і страхавым кампаніям, дзе ахвяры намагаюцца атрымаць дапамогу.

Па словах прадстаўніка адной з пінскіх страхавых устаноў Аляксея Сергіюка, грамадзянам варта ведаць у якіх сітуацыях можна разлічваць на кампенсацыю:

– Па абавязковым страхаванні застрахаваны толькі жылы дом, ну і мансарда, калі пад адным дахам, скажам гараж, тады так. Асобныя будынкі, як свіран, гаражы, лазні, цяпліцы, яны абавязкова не застрахаваныя. Мы нясем адказнасць толькі за жылыя будынкі ў ліміце 50% ад памеру шкоды. Па добраахвотнаму страхаванню мы нясем адказнасць у поўным аб’ёме за ўсе будынкі, маёмасць, калі застрахавана, у межах страхавой сумы.

За месяц гэта ўжо другая бура з якой сутыкнулася Піншчына. Літаральна два тыдні таму, у выніку моцнай залевы, Пінск і яго ваколіцы былі затопленыя.

Беларускае Радыё Рацыя