Калі ў Беларусі спыняцца рэпрэсіі?



Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла прагназуе, ці пойдзе рэжым у бліжэйшы час на спыненне маштабных рэпрэсій.

Гары Паганяйла: Сёння ў Беларусі мы бачым супрацьстаянне тых, хто чапляецца за ўладу, і тых, хто хоча жыць у абноўленай Беларусі. І гэтыя інтарэсы ўзаемавыключаючыя. Таму напружанне працягнецца.

Улада не хоча саступаць сваё месца пад сонцам і будзе змагацца, што называецца, да апошняга патрона. Пратэстоўцы ў сваю чаргу таксама ўжо на калені не стануць. Таму ў рэжыма няма іншых інструментаў, як толькі прымяняць сілу. На ўсіх франтах яны прайгралі людзям, якія не хочуць жыць па-старому і не хочуць карыстацца вынікамі гэтага рэжыму. Таму і супрацьстаянне працягнецца, і рэпрэсіі, хаця яны не прывядуць да поспеху.

РР: Рэжым трымаецца выключна на сілавіках?

Гары Паганяйла: Безумоўна, і менавіта сілавыя структуры зараз стараюцца прымусіць людзей маўчаць і скарыцца з тым, што ёсць. А супраць сілы можа перамагчы толькі сіла. Пакуль што пратэстоўцамі супрацьстаўляецца толькі сіла духа, бо ніякага фізічнага супрацьдзеяння з іх боку няма.

Сілавікі пакуль баяцца весці наступ на 100-тысячны натоўп, а б’юць па “хвастах”, хапаюць людзей у завулках. Судзяць іх па сутнасці без суда і следства, кідаюць за краты і даюць вялікія штрафы. Ствараюць карціну застрашэння і гвалту. Але гэта толькі для карцінкі, каб у людзей адбіць ахвоту выходзіць на вуліцу і дэманстраваць сваё нежаданне жыць у тых умовах, у якія іх загнала старая ўлада.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя