Калінкавіцкі ліцэй настойвае на спагнанні грошай за навучанне з сіраты



21 жніўня ў судзе Рэчыцкага раёна адбылося пасяджэнне па іску Калінкавіцкага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя да 23-гадовага Вячаслава Гарленкі. Установа адукацыі мае намер спагнаць з жыхара Рэчыцы 4.188 рублёў, зрасходаваных дзяржавай на яго навучанне.

Малады чалавек сірата. Падчас вучобы ў ліцэі з 2010 па 2013 гады ён быў на поўным дзяржаўным забеспячэнні. Зараз ліцэй хоча спагнаць з яго сродкі, бо выпускнік не пачаў працу паводле накіравання пасля вучобы. „Мне не давалі накіраванне на працу і казалі, што сіраце неабавязковая адпрацоўка. Мне аддалі дыплом, і ўсё. Толькі зараз даведаўся, што павінен ліцэю за вучобу”, — сказаў у каментары БелаПАН Гарленка.

Прадстаўнік ліцэя юрысконсульт Вольга Попчанка настойвае на тым, што накіраванне на працу юнаку давалі. „Калі б ён пачаў працу паводле размеркавання — пытанняў аб вяртанні сродкаў на навучанне не было б. Калі б нават ён з’явіўся па размеркаванні і адпрацаваў адзін дзень, а потым быў звольнены”, — адзначыла на судзе юрысконсульт.

Гарленка папрасіў суд адмовіць ліцэю ў іску, бо скончыўся тэрмін іскавай даўнасці — тры гады. Суддзя Алена Каліноўская абяцала разгледзець гэтае пытанне пры вынясенні рашэння па справе.

Інтарэсы сіраты ў судзе выкладаў прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка. Ён пацікавіўся ў прадстаўніка ліцэя, чаму прэтэнзіі па вяртанні грошай за навучанне ўстанова адукацыі выставіла толькі цяпер, а не ў 2014, 2015 ці 2016 гадах?

„Мы ў 2016 годзе інфармавалі Вячаслава аб неабходнасці вярнуць грошы за вучобу. Потым тэлефанавалі сястры Вячаслава, яна плакала, казала, што брат хворы, выздаравее, будзе працаваць і аддаваць грошы. Больш я нікому не буду верыць!” — заявіла юрысконсульт.

Гарленка сцвярджае, што не атрымліваў як накіравання на працу, так і паведамлення аб неабходнасці вяртання сродкаў.

Судаленка лічыць, што ліцэй пры размеркаванні дапусціў памылкі, належным чынам не растлумачыў сіраце яго абавязак і прававыя наступствы адпрацоўкі паводле размеркавання. „Вячаслаў сам растлумачыў, што яму аддалі дыплом — і ўсё, ён не атрымаў дакументаў на размеркаванне, па меншай меры, ён так заяўляе ў судзе. З-за гэтай прычыны лічым, што гэтага дастаткова, каб суд адмовіў у задавальненні іскавых патрабаванняў. Акрамя таго, сур’ёзныя сумневы ўзнікаюць у тэрміне іскавай даўнасці, але пра гэта суд скажа пры вынясенні рашэння”, — пракаментаваў праваабаронца.

Суд атрымае працяг 6 верасня. БелаПАН