Каля 100 чалавек прынялі ўдзел у святкаванні Дня Волі ў Лідзе



Каля 100 чалавек прынялі ўдзел у святкаванні Дня Волі ў Лідзе. Афіцыйнае мерапрыемства праходзіла ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі з ініцыятывы мясцовых уладаў, якія прынялі на сябе ўсе арганізацыйныя пытанні. Грамадская супольнасць, у сваю чаргу, вырабіла адпаведны юбілейны банэр, займалася рэкламай мерапрыемства і запрашэннем бардаў Сяргея Чарняка і Змітра Захарэвіча.

Таксама на святочных мерапремствах у Лідзе прысутнічалі гарадзенскія літаратары, сярод іх быў і прафесар Аляксей Пяткевіч.

– БНР – гэта этап гісторыі беларускай дзяржавы. Прычым этап вельмі важны. Хаця гэтая дзяржава была кароткачасовай. Але гэта рамантычная і гераічная старонка беларускай дзяржаўнасці. Хаця бы з улікам таго, што першы кіраўнік урада меў 27 гадоў. І колькі ён і яго ўрад паспелі зрабіць! Гэта не проста этап. Гэта ўспышка волі народа і яго інтэлігенцыі.

Як зазначыў пасля заканчэння імпрэзы намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Суднік: “Імпрэза ў Лідзе была бадай адзіная ў Беларусі арганізаваная гарадскімі ўладамі.”

– І гэта, я лічу, вельмі добры прыклад. Дзяржаўныя святы павінны арганізоўваць дзяржава. І святкаваць мы павінны разам. 100 год незалежнасці краіны. А краіна ў нас адна на ўсіх. Таму ў Лідзе зараз гэта зроблена абсалютна правільна, дальнабачна і па-дзяржаўнаму.  

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара