Каля 1,1 тыс. км берагавой лініі прыведзена ў парадак у час акцыі „Чысты вадаём”
Каля 1,1 тыс. км берагавой лініі вадаёмаў і вадацёкаў прыведзена ў парадак у час рэспубліканскай акцыі „Чысты вадаём”, якая прайшла ў Беларусі з 27 красавіка па 4 траўня, паведаміла прэс-сакратар Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Вольга Дзмітрыева.
Сумесна з работнікамі БТПР парадак на вадаёмах краіны дапамагалі наводзіць прадстаўнікі розных ведамстваў і арганізацый: Савета Рэспублікі, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце, Следчага камітэта і інш. Таксама актыўны ўдзел у акцыі прынялі рыбаловы і проста неабыякавыя грамадзяне.
Усяго ў мерапрыемствах акцыі паўдзельнічалі амаль 6 тыс. чалавек. Агульнымі намаганнямі ў парадак прыведзена каля 1,1 тыс. км берагавой лініі вадаёмаў і вадацёкаў. Сабрана і вывезена звыш 700 куб. м смецця.
Арганізатарам акцыі „Чысты вадаём” традыцыйна выступае РДГА „БТПР”.
