Каля 200 пілігрымаў рушылі з Глыбокага ў Будслаў



Пешая пілігрымка будзе доўжыцца тры дні. Спыняцца яны будуць у Крулеўшчыне і Параф’янаве. Па дарозе да іх змогуць далучыцца ўсе жадаючыя. Гэта ўжо пятнаццатая пешая пілігрымка глыбоцкіх парафіян у Будслаў. Распачалася яна набажэнствам у касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім і бласлаўленнем пілігрымаў.

Ксёндз-пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім Мікалай Ціхановіч заўважыў, што пілігрымаванне распачынаецца якраз падчас урачыстасці святых апосталаў  Пятра і Паўла.

– Наш каталіцкі касцёл заснаваны на фундаменце Апосталаў, трывае на гэтым фундаменце. Дарэчы, Апосталы былі сапраўднымі пілігрымамі, асабліва Апостал Павел – гэта ўвогуле быў пілігрым народаў. І гэта таксама для нас сімвалічна. І заступніцтва гэтых вялікіх апекуноў касцёла, напэўна, будзе спадарожнічаць нам падчас пілігрымкі.

Каталіцкія вернікі распавялі, чаму яны рушылі ў пілігрымку.

– Я іду да маткі Будслаўскай і хачу ёй проста падзякаваць за тое, што ва мне жыве Гасподзь. Са мной, ва мне і вакол мяне. Я дзякую за ўсё, што адбылося ў маім жыцці. Я проста праслаўляю Госпада.

– Мне падабаецца гэты настрой самой пілігрымкі. Адчуванне, што ты ідзеш да Бога. Сама гэта атмасфера падабаецца.

– У Будслаў мы ідзем першы раз. Гэта яднанне з Богам. Ты атрымліваеш нейкую моц. Табе робіцца неяк добра. І яшчэ тут шмат сяброў, тут шмат моладзі. Так заўсёды бывае.

Сёлета ўрачыстасці ў Будславе адбудуцца 1-2 ліпеня. Будзе адзначацца 20-годдзе каранацыі папскімі каронамі абраза Маці Божай Будслаўскай. Будслаўскі фэст пройдзе пад дэвізам “Моладзь  – надзея Касцёла і грамадства”.  

Таццяна Смоткіна