Каля 200 разоў слонімца выклікалі ў міліцыю, суд і пракуратуру



Грамадскі актывіст, кіраўнік слонімскай суполкі БХД Іван Бедка захоўвае ў сваім прыватным архіве сотні матэрыялаў па гісторыі дэмакратычнага руху на Слонімшчыне за апошнія 25 гадоў.

Сярод усіх матэрыялаў асабліва каштоўнымі з’яўляюцца сотні папяровых позваў у суд, міліцыю і пракуратуру за шматлікія адміністрацыйныя “парушэнні”.

“За гэтыя гады мяне каля 200 разоў выклікалі то ў міліцыю, то ў пракуратуру, то ў суд за тое, што я прымаў удзел у розных несанкцыянаваных мітынгах, мерапрыемствах, сходах і пікетах. І штрафавалі, і затрымлівалі, і за краты саджалі – усяго пабачыў і ўсё перажыў. І кожная захаваная паперка ад сілавых структур – гэта факты, якія ў будучым будуць з’яўляцца доказам таго, хто мяне і іншых слонімцаў беспадстаўна арыштоўваў, штрафаваў, перашкаджаў змагацца з несправядлівасцю. На гэтых паперках ёсць прозвішчы тых, хто не дазваляў нам гэта рабіць, парушаючы Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. І што дзіўна, што заўсёды ўсе суды былі не на маю карысць, а на карысць тых, хто парушаў і парушае нашы законы. Але гэта хутка скончыцца”, – адзначыў Іван Бедка.

Беларускае Радыё Рацыя