У Францыі – жоўтыя камізэлькі, у Беларусі – жоўтыя балонікі



Берасцейцы чарговы раз выйшлі пакарміць птушак на плошчу Леніна і прайсціся шэсцем па вуліцам Пушкінская і Савецкай. Такім чынам яны выказалі пратэст супраць будаўніцтва і запуску акумулятарнага завода кампаніі „АйПаўэр”. Адметнасцю акцыі сталіся жоўтыя балонікі ў руках большасці ўдзельнікаў з надпісам „Жыць”:

– Ёсць невялікая надзея, што можна змяніць сітуацыю і ўсё такі не запусціць гэты завод, які нясе столькі бяды – і ў экалагічным плане, і ў плане перспектывы для здароўя людзей. Мы спадземся на тое, што ўсё ж такі нас пачуюць.

– Я хачу засведчыць сваю грамадзянскую пазіцыю наконт будаўніцтва завода і паказаць, што я не згодная з яго будаўніцтвам. Я жыву ў самім Берасці, я карэнная берасцейка, мяне гэта моцна непакоіць, таму што я разумею, што гэта адаб’ецца не толькі на тых людзях, якія жывуць непасрэдна побач з заводам, але і на ўсіх берасцейцаў.

Гэтым разам шэсце скончылася не каля кінатэатра „Беларусь”, а далей – каля алеі ліхтароў. Па дадзеных праваабаронцаў, у акцыі прынялі ўдзел каля трохсот чалавек.

У берасцейскіх СМІ з’явілася інфармацыя аб стварэнні адмысловай камісіі кантролю за дзейнасцю пабудаванага акумулятарнага завода кампаніі „АйПаўэр”. Што праўда, прадстаўнікі ініцыятыўнай групы праціўнікаў завода не ўвайшлі ў яе склад. Людзі патлумачылі, чаму гэта зрабілі і што, на іхнюю думку, уяўляе з сябе гэтая камісія:

– Якая можа быць грамадская камісія, калі само прадпрыемства незаконнае. Гэта толькі робіцца для таго, каб выпусціць пару – паказаць людзям, што ўсё пад кантролем. Нічога ў іх не пад кантролем, і ніхто кантраляваць там не будзе, таму што ўся камісія прызначаная са сваіх людзей. Прапаноўвалі ўключыць у камісіі Лепясевіча – яны не захацелі. Пра што казаць.

„Прыняць удзел у працы камісіі гэта значыць пагадзіцца з законнасцю пабудовы завода, на што мы ня згодныя”, – зазначылі праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, пад час удзелу ў нядзельным шэсці пратэсту.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.

**

У Берасці на плошчы Леніна 31 сакавіка зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Паводле звестак праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, у 12.40 на плошчы знаходзілася больш за 250 чалавек.

У гэты ж час на плошчы праходзіла арганізаванае мясцовымі ўладамі мерапрыемства. Берасцейскі гарвыканкам напярэдадні запрасіў жыхароў горада да 11.30 на плошчу „пазнаёміцца з незвычайным відам спорту новага пакалення — кросмінтонам”.

Як адзначыў праваабаронца Раман Кісляк, такім чынам чыноўнікі „вырашылі схаваць” праціўнікаў будаўніцтва завода, што сабраліся на плошчы. „Добра, што тут забаўляюць дзяцей, але я за тое, каб і нам дазволілі правесці на плошчы мітынг ці пікет”, — заявіў праваабаронца.

Людзі, якія выступаюць супраць будаўніцтва завода, абмяркоўвалі стварэнне Берасцейскім аблвыканкамам дзяржаўна-грамадскай групы экалагічнага кантролю за акумулятарным заводам.

Старшыня ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму ў Берасцейскім раёне Ірына Сіліцкая паведаміла, што ёй патэлефанавалі з аблвыканкама і прапанавалі ўвайсці ў склад згаданай групы. Пры гэтым у групу не запрасілі такіх найбольш кампетэнтных і актыўных праціўнікаў небяспечнай будоўлі, як Дзям’ян Лепясевіч, Дзмітрый Бекалюк і Таццяна Фесікава. Са слоў Сіліцкай, на яе прапанову ўключыць у групу больш кампетэнтных актывістаў ёй заявілі ў аблвыканкаме: „Альбо вы згаджаецеся, але замены не будзе”. У выніку яна адмовілася ўвайсці ў групу. „Гэта не група кантролю, а цырк, і быць клоунам у гэтым цырку я не хачу”, — заявіла Сіліцкая.

Як раней заявіў БелаПАН Раман Кісляк, ён не бачыць сэнсу ўваходзіць у гэтую групу. „Мы дамагаемся, каб гэты завод наогул не працаваў, а нам прапаноўваюць назіраць, як ён будзе атручваць наш рэгіён”, — растлумачыў Кісляк сваё рашэнне.

У сваю чаргу Дзмітрый Бекалюк лічыць, што ствараная ўладамі грамадская група экалагічнага кантролю за акумулятарным заводам — гэта „мёртвае дзіця і фіктыўны грамадскі кантроль”. Паводле яго слоў, у яе ўключаны чыноўнікі, якія і так згодна са сваімі службовымі абавязкамі павінны кантраляваць дзейнасць акумулятарнага завода.

Удзельнікі сённяшняй сустрэчы лічаць, што прызначаныя ўладамі члены „грамадскай групы” „будуць проста стаяць побач з лабарантам і глядзець, як яны бяруць пробы”.

Большасць праціўнікаў будаўніцтва, якія прыйшлі сёння на плошчу, заявілі, што ў гэтай групе павінны быць Бекалюк і Лепясевіч.

Пасля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, праціўнікі будаўніцтва завода з жоўтымі надзіманымі шарамі, на якіх было напісана „Жыць” і намаляваныя смайлікі, прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця — Пушкінскай і Савецкай — да скрыжавання з праспектам Машэрава, дзе пастаялі некаторы час, пагаварылі і разышліся. Сустрэча завяршылася без інцыдэнтаў.

Як паведамлялася, 14 сакавiка старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс заявіў на брыфінгу, што прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні дзяржаўна-грамадскай групы экалагічнага кантролю за акумулятарным заводам.

У размешчаным 29 сакавіка на сайце Берасцейскага аблвыканкама паведамленні гаворыцца, што ў склад групы ўвайшлі 10 чалавек: прадстаўнікі свабоднай эканамічнай зоны „Брэст”, дзе будуецца завод; абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, абласной лабараторыі аналітычнага кантролю Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, Палескага аграрна-экалагічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук, Брэсцкага райвыканкама, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі, галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама; прадпрыемства „Брэстводаканал”.

Ад грамадскасці членам групы стаў дацэнт кафедры інжынернай экалогіі і хіміі Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта Сяргей Басаў.

У паведамленні адзначаецца, што прапанову ўвайсці ў склад групы атрымалі старшыня ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму ў Берасцейскім раёне Ірына Сіліцкая і юрыст, праваабаронца Раман Кісляк „з мэтай максімальна аператыўнага і аб’ектыўнага інфармавання грамадскасці аб выніках маніторынгаў і рашэннях, якія прымаюцца групай”.

„Нягледзячы на дэклараваную заклапочанасць пытаннямі экалогіі і наступствамі будаўніцтва акумулятарнага завода, Сіліцкая і Кісляк адмовіліся ўвайсці ў склад групы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Зацверджаны графік экалагічнага маніторынгу, якім прадугледжана правядзенне штомесячных даследаванняў паветра, глебы, вады пітной (першы тыдзень месяца), паветра, глебы, сцёкавых вод (трэці тыдзень месяца).

Вынікі даследаванняў „будуць аператыўна прадстаўлены насельніцтву вобласці з дапамогай электронных, друкаваных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў”.

Пры выяўленні вынікаў даследавання, якія не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, „неадкладна будуць прымацца кіраўніцкія рашэнні ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку”.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПауэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскаага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва.

Грамадская кампанія супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 83 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Берасцейкі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

belapan.by