У Берасці затрыманы мясцовы блогер Сяргей Пятрухін (абноўлена)



На плошчы Леніна ў Берасці 30 верасня сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны стаялі групамі і абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства. Такія сустрэчы праходзяць на плошчы штонядзелю з 25 лютага.

Паводле даных праваабаронцы Рамана Кісляка, 30 верасня ў 12.30 на плошчы было 92 чалавекі.

Як стала вядома, у Берасці быў затрыманы мясцовы блогер Сяргей Пятрухін. Яго затрымалі ў 13.10 на вуліцы Энгельса, недалёка ад плошчы Леніна, дзе сёння прайшла традыцыйная нядзельная сустрэча праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода.

Пятрухіна затрымалі, калі ён ужо пакінуў плошчу і накіроўваўся дадому. На пытанне, за што яго затрымліваюць, міліцыянер адказаў: „За арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу”. Пятрухіна павезлі ў Ленінскі РАУС Берасця.

Адразу пасля сканчэння акцыі праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода, што адбылася на плошчы Леніна ў Берасці, аднаго з пратэстоўцаў пачалі пераследваць двое міліцыянтаў. Акрамя таго, з боку вуліцы Пушкінскай у кірунку, куды рухаўся блогер Сяргей Пятрухін, выбеглі яшчэ трое міліцыянтаў, двое з якіх супрацоўнікі АМАПа. На пляцоўцы ля гарвыканкама яны затрымалі Пятрухіна, але не патлумачылі прычыны затрымання. Каментуе праваабаронца Раман Кісляк:

– Вырашылі затрымаць Сяргея Пятрухіна – найбольш яркую асобу ў Берасці ў гэтым пратэсце.

Імя яшчэ аднаго затрыманага – Канстанцін Астапук. Астапука, як і Пятрухіна, адвезлі ў Ленінскі РАУС. Таксама вядома, што Канстанціну спатрэбілася медычная дапамога, і па дадзеных праваабаронцаў, пасля РАУСа ён трапіў у Берасцейскую абласную бальніцу.

Задержание еще одного участника кормления голубей. По неподтвержденной информации Константина забрала скорая из Ленинского РОВД Бреста. Самосюк, мы все записываем. В черную книжечку.

Gepostet von Александр Кабанов am Sonntag, 30. September 2018

Берасцейцы спадзяюцца што акумулятарны завод, будаўніцтва якога вядзецца непадалёк ад межаў горада, усё ж не будзе ўведзены ў эксплуатацыю. Сітуацыя вакол яго і справакавала выхад праціўнікаў будаўніцтва на чарговую нядзельную акцыю па „кармленні галубоў” на плошчы Леніна:

– Я хачу выказаць сваё меркаванне: я супраць будаўніцтва завода ў Берасці. З самага пачатку я сачу за ўсім гэтым, стараюся прыходзіць сюды, можа не заўсёды, бо часам бываю на працы. І маё меркаванне – я не хачу гэтага завода ў нашым горадзе. Я лічу, што калі ён пачне працаваць, а так шмат хаваюць ад нас, чамусьці баяцца і не ўсё кажуць, я веру ініцыятыўнай групе, якая зрабіла вялікую працу. Я веру, што вытворчасць на гэтым заводзе нашкодзіць не толькі Берасцю, але і ўсім нашым раёнам. Я за чыстую Беларусь.

Гэтым разам на плошчы было каля 90 чалавек, некаторыя з якіх былі апрануты ў футболкі з тэматычнымі надпісамі па-беларуску і па-расейску „Не заводу АКБ”. За акцыяй сачылі супрацоўнікі міліцыі, АМАП, а таксама асобы ў цывільным, якія здымалі мітынгоўцаў. Пасля акцыі былі затрыманы двое чалавек, блогер Сяргей Пятрухін і актывіст Канстанцін Астапук. Абодвух па інфармацыі пратэстоўцаў адвезлі ў Ленінскі РАУС Берасця.

* * * 

Як лічыць жыхар Берасця Уладзіслаў, сёння прыйшло больш людзей, чым у мінулую нядзелю, таму што з’яўляецца новая інфармацыя пра шкоду прадпрыемства, якое будуецца.

Жыхарка Берасця Людміла паведаміла, што падрыхтаваны зварот на імя старшыні аблвыканкама Анатоля Ліса з просьбай арганізаваць сустрэчу з жыхарамі з нагоды будаўніцтва завода.

Удзельнікі сённяшняй сустрэчы абмяркоўвалі забарону на правядзенне 30 верасня мітынгу „Берасцейцы супраць акумулятарнага завода”, на які раней падавалася афіцыйная заяўка. Мітынг вызначаўся на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, якая вызначаная гарвыканкамам для масавых мерапрыемстваў. Мясцовыя ўлады забаранілі яго на падставе таго, што там праводзяцца рамонтныя работы. Аднак актывісты лічаць, што ўлады баяцца пратэстаў, таму не далі дазволу на мітынг.

Некалькі чалавек сёння прыйшлі на плошчу ў майках з надпісам „Стоп заводу АКБ! Берасце супраць экалагічнай катастрофы”.

Актывісты  дамагаюцца прыпынення будаўніцтва.

Беларускае Радыё Рацыя, БелаПАН

Фота і відэа Міколы Ляшкевіча