Каля Глыбокага ўшанавалі памяць забітых ксяндзоў



Дваццатую гадавіну беатыфікацыі святароў-пакутнікаў Мечыслава Багаткевіча, Станіслава Пыртка і Уладзіслава Мацьковяка адзначылі ў Барку, што каля Глыбокага. Ушанаваць памяць забітых нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны ксяндзоў прыйшло каля 70 каталіцкіх вернікаў. Малебен на месцы расстрэлу святароў узначаліў ксёндз-канцлер Віцебскай дыяцэзіі Віктар Місевіч.

Ён маліўся не толькі за ахвяраў, але і за карнікаў, якія расстралялі людзей. Згодна з рэлігійным вучэннем, Хрыстос заклікае маліцца і за ворагаў. Пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім Мікалай Ціхановіч маліўся за ўсіх ахвяраў, расстраляных у Барку, і за беатыфікаваных ксяндзоў.

А каталіцкія вернікі Глыбокага распавядаюць, чаму яны прыйшлі на імпрэзу:

– Па-першае, кліч сэрца, вера. З другога боку, адзін з блаславёных святароў Мечыслаў Багаткевіч быў святаром, які давёў майго тату да першай споведзі, таму гэта для мяне асабліва блізка майму сэрцу.

– Толькі па міласці Госпада мы тут. Прыязджалі сюды прыбіраць і Гасподзь проста падараваў ласку. Я часамі малюся за ксяндза Мечыслава, які пахаваны тут. У касцёле проста адчуваецца іх прысутнасць, бо ўсё здараецца на славу Госпада.

Падчас імпрэзы ксёндз Віктар Місевіч пазнаёміў прысутных з біяграфіяй ксяндзоў і распавёў пра іх служэнне на карысць людзям. Таксама ўзгадаў іншых забітых немцамі святароў і сясцёр законных у Барку. Малебен за пакутнікаў скончыўся агульным спевам „Магутны Божа” на словы Наталлі Арсенневай.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя