Каля КДБ прайшла акцыя салідарнасці з палітвязнямі
Некалькі актывістаў затрыманыя ўвечары 31 сакавіка ў Менску каля будынка Камітэта дзяржаўнай бяспекі пры спробе правесці несанкцыянаваную акцыю салідарнасці з затрыманымі па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.
Прыкладна ў 19.00 каля КДБ затрымалі сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца і літаратара Анатоля Кудласевіча. Яны прыйшлі да будынка КДБ за пяць хвілін да гэтага.
Кудласевіч перш паспеў сказаць журналістам, што збіраецца ўзяць удзел у мірнай акцыі — запаліць свечкі і прадэманстраваць партрэты фігурантаў справы аб масавых беспарадках у знак салідарнасці з імі. „Лепшых сыноў Беларусі захопліваюць і шыюць ім крымінальныя справы”, — растлумачыў ён.
Кудласевіч паведаміў, што з адным з фігурантаў гэтай справы, маладафронтаўцам Арцёмам Леўчанкам, ён пазнаёміўся падчас шматдзённай акцыі па абароне Курапатаў, якая прайшла ў канцы лютага — пачатку сакавіка гэтага года. „Ён стаў мне як сын, я збіраюся паслаць яму сваю кнігу”, — сказаў ён. Адказваючы на пытанне, ці не баіцца сам быць затрыманым, Кудласевіч адказаў, што дваіх яго дзядоў ссылалі на 25 гадоў у Сібір і дзеянняў сілавікоў ён не баіцца.
У сваю чаргу Павел Севярынец адзначыў, што таксама прыйшоў на акцыю салідарнасці з „незаконна захопленымі” людзьмі, якія праходзяць па гэтай справе. „Прайшло 10 дзён пасля іх затрымання, яны не вызваленыя, а значыць, захопленыя. Мы выходзім сказаць „Свабоду палітвязням!”, выступіць супраць беззаконня”, — сказаў палітык.
У момант, калі Севярынец размаўляў з журналістамі, яго пачалі затрымліваць супрацоўнікі АМАПа ў форме. Ён паспеў паказаць некалькі партрэтаў арыштаваных:
– Палітвязняў ужо каля 30-ці чалавек, і мы выходзім сказаць: “Свабоду палітвязням!”, мы выходзім выказаць свой пратэст супраць гэтага беззаконня. Зараз мы яшчэ трошачкі пачакаем пакуль падыдуць тыя людзі, якія не баяцца. Кіраўніцтва менскай міліцыі ўжо на месцы, ахоўваюць цытадэль беззаконня. Напэўна кагосьці яны гэтым напалохалі, але дзякуй усім тым, хто прыйшоў. Свабоду палітвязням!
З удзельнікаў акцыі ля будынка КДБ на той момант заставалася вядомая апазіцыянерка Ніна Багінская. Спярша затрымаць яе не спрабавалі, толькі невядомы ў цывільным адзенні выхапіў у яе плакат са словамі салідарнасці. Прыкладна ў 19.10 да будынка таксама падышла жанчына, якая паспела перадаць Багінскай плакаты „Вярніце Ваню тату Аляксея Абрамава” і „Дзе Аляксей Абрамаў?”. У гэты момант супрацоўнікі АМАПа затрымалі гэтую жанчыну разам з Багінскай.
Каля будынку КДБ дзяжурыла шмат супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, у тым ліку начальнік менскага АМАПа Дзмітрый Балаба і начальнік ГУУС Менгарвыканкама Аляксандр Барсукоў.
Міліцыя не давала людзям затрымлівацца каля будынка КДБ. Так, у адной дзяўчыны супрацоўнікі АМАПа праверылі пашпарт і сказалі ёй, што „тут цяпер стаяць нельга”. Яна распавяла журналістам, што прыйшла выказаць салідарнасць са сваім сябрам Іванам Кавальчуком, які праходзіць па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. „Яму 25 гадоў, ён студэнт-архітэктар. У яго знайшлі марганцоўку і берцы, шыюць сувязь з „Белым легіёнам”, кажуць, што ён злачынец, а не патрыёт. Я прыйшла яго сюды падтрымаць, таму што больш я нічога зрабіць не магу”, — адзначыла сяброўка Кавальчука.
У яшчэ адной дзяўчыны, якая стаяла каля КДБ, пашпарта не аказалася, супрацоўнікі АМАПа хацелі правесці яе ў апорны пункт міліцыі, але яна адмовілася. Затрымліваць яе не сталі.
У маладога чалавека, які знаходзіўся там, міліцыянеры праверылі змесціва заплечніка. Пашпарта ў яго таксама не было. У сітуацыю ўмяшаўся Дзмітрый Балаба, ён удакладніў у хлопца мэту яго знаходжання ў гэтым месцы і сказаў: „Калі вы проста шпацыруеце, ідзіце і шпацыруйце, любуйцеся”. Малады чалавек, аднак, нікуды не пайшоў, але затрыманы не быў і пасля адышоў разам з журналістамі.
У 19.37 ад будынка КДБ усе разышліся.
Як паведамлялася, 21—22 сакавіка стала вядома пра шматлікія затрыманні грамадзян у межах распачатай крымінальнай справы аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч. 3 арт. 293 КК). Усе затрыманыя — больш за 25 чалавек — узятыя пад варту і змешчаныя ў СІЗА КДБ і СІЗА № 1 Менска.
На гэты момант дакладна не вядома, каму і якія выстаўленыя абвінавачанні. Сітуацыя павінна была праясніцца 31 сакавіка, калі заканчваецца 10 дзён з моманту затрымання першых фігурантаў справы. Ім павінны афіцыйна выставіць абвінавачанне ці адпусціць.
