Каля тысячы чалавек выйшла на акцыю ў Бабруйску



На плошчы Леніна ў Бабруйску прайшла масавая мірная акцыя нязгодных з дэкрэтам аб дармаедах. Пратэставаць выйшла каля тысячы чалавек. Перад прысутнымі выступалі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, актывісты, выказваліся працоўныя, якія доўгі час не атрымліваюць заробку, неабыякавыя жыхары горада.

Адмыслова, каб падтрымаць бабруйчан, з Менска прыехаў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, які таксама выступіў з прамовай. Ён заклікаў людзей сабрацца 12 сакавіка і правесці наступную акцыю, не саступаць і патрабаваць адмены дэкрэта.

– Мне не было сорамна за мой горад. Бабруйск звычайна лічыцца пасіўным горадам: тут мала праходзіць акцый, людзі мала падтрымліваюць апазіцыю. А сёння было каля тысячы чалавек – гэта вельмі ўражвае. Тут і простыя працоўныя, каго непасрэдна закрануў Дэкрэт №3, і людзі, якія прыйшлі з салідарнасці. Якраз у гэтай салідарнасці наша сіла. Тады мы спынім Дэкрэт №3, калі будзем адчуваць чужую бяду.

Грамадскі актывіст і кінарэжысёр Максім Буйніцкі кажа, што акцыя ў Бабруйску атрымалася сапраўды народнай. Людзі гатовыя аб’ядноўвацца для салідарных дзеянняў.

– Хтосьці проста пабачыў, што ў Віцебску выходзяць людзі, і даў абвестку. Потым нехта намаляваў афішу. Потым яна пайшла па бабруйскіх суполках у сацыяльных сетках. І я падхапіў гэты рух, як мог. З’явіліся ўлёткі таксама папросту з народа. І да апошняга ніхто не ведаў арганізатараў. Я магу сказаць, што ў дадзеным выпадку арганізатар –  гэта народ.

Людзі скандавалі „Не – дэкрэту № 3”, „Лукашэнка сыходзь”,  „Жыве Беларусь”, „Дайце працу”, „Ганьба”. Таксама заклікалі прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі выйсці да народа.

Андрэй Стрыжак, актывіст Незалежнага прафсаюза РЭП прыехаў з Гомеля, каб падтрымаць жыхароў Бабруйска.”Я не здзіўлены такой колькасці народу, бо дэкрэт закрануў ледзь не кожную сям’ю ў Беларусі”, – кажа ён.

– Тое, што людзі выходзяць і пратэстуюць, сведчыць пра тое, што дэкрэт павінен быць адменены. Я не называю прысутных дармаедамі, бо мы не дармаеды! Мы змаглі сказаць людзям пра тое, што разам мы сіла. І толькі разам мы можам дамагчыся зменаў у краіне. Бо дэкрэт – гэта толькі вяршыня айсберга тых праблемаў, з якімі зараз сутыкаецца Беларусь. І патрэбны рэформы. Без іх развіцця нашага грамадства не будзе.

Падчас акцыі ў Бабруйску Незалежны прафсаюз РЭП зладзіў збор подпісаў за адмену Дэкрэта №3. Наступная акцыя супраць дэкрэта аб дармаедстве пройдзе ў Бабруйску 12 сакавіка а 12.00 на плошчы Перамогі.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Бабруйск

Фота аўтаркі