Камандзір вайсковай часткі, дзе служыў Коржыч, зняты з пасады



Міністр абароны Беларусі адхіліў ад пасад камандзіра і шэраг службовых асоб камандавання вайсковай часткі, дзе 3 кастрычніка знайшлі павешаным радавога Аляксандра Коржыча.

„Па выніках праверкі, якая праводзіцца ваенным ведамствам, за непрыняцце вычарпальных мер па падтрыманні строгага статутнага парадку міністрам абароны прынятае рашэнне аб адхіленні ад пасад камандзіра і шэрагу службовых асоб камандавання вайсковай часткі, у якой праходзіў службу радавы Коржыч А.А., а таксама тых, каму вайсковец быў непасрэдна падпарадкаваны па службе”, — паведаміла Мінабароны на сваім сайце 14 кастрычніка.

Мінабароны таксама адзначае, што Следчы камітэт і пракуратура працягваюць праверку па факце гібелі вайскоўца ў 72-м аб’яднаным навучальным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. „Прававая ацэнка ў сувязі са згаданым фактам будзе прадстаўленая грамадскасці пасля завяршэння следства, устанаўлення прычын і абставінаў здарэнняў”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Адначасова ваенным ведамствам правяраецца „паўната выканання сваіх абавязкаў службовымі асобамі, якім прадпісана навядзенне і падтрыманне устаноўленага парадку ў вайсковай часці”.

„У дачыненні да любога здарэння пазіцыя ваеннага ведамства была і застаецца нязменнай. У першую чаргу разглядаецца паўната прыняцця мер па яго прадухіленні адпаведнымі камандзірамі і начальнікамі, і кожны з іх нясе адказнасць за выяўленыя недахопы ў выкананні сваіх абавязкаў. У выпадку выяўлення парушэнняў закона вінаватыя прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам”, — гаворыцца ў паведамленні.

„Нягледзячы на тое што следствам па справе аб гібелі вайскоўца вайсковай часці 25849 радавога Басцюка А.С. віна службовых асоб не ўстаноўленая, у красавіку—маі 2017 года за непрыняцце вычарпальных мер па прадухіленні гібелі вайскоўца, праяўленыя пры гэтым чэрствасць і бяздушнасць, шэраг службовых асоб камандавання вайсковай часткі і падраздзялення міністрам абароны былі адхіленыя ад займаных пасадаў”, — заяўляе Міністэрства абароны.

Гаворка ідзе пра гібель яшчэ аднаго салдата тэрміновай службы — 25-гадовы мінчанін Арцём Басцюк быў знойдзены павешаным у сваёй вайсковай часці пад Барысавам 31 сакавіка 2017 года. Напярэдадні яго гібелі, 30 сакавіка, абмеркаваць сітуацыю ў часць прыязджалі бацькі хлопца. Камандзіры паабяцалі ім разабрацца, але вечарам таго ж дня салдат патэлефанаваў дадому, каб развітацца. Бацькі забілі трывогу і патэлефанавалі ў частку, дзе іх запэўнілі, што ўсё будзе добра. Аднак раніцай Арцёма Басцюка знайшлі павешаным.

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па частцы 3 артыкула 443 Крымінальнага кодэкса — парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж вайскоўцамі, якое пацягнула цяжкія наступствы. 12 кастрычніка бацькі Арцёма Басцюка атрымалі пастанову аб спыненні расследавання па гэтай крымінальнай справе.

belapan.by