Камітэт ААН разгледзіў скаргу пенсіянера з Берасця



Камітэт па правах чалавека ААН разгледзеў справу пенсіянера з Берасця Паўла Казлова. У скарзе Казлоў паведаміў пра парушэнне яго права свабодна выказвацца і крытыкаваць кіраўнічых асоб дзяржавы.

У лісце міністру фінансаў ён жорстка крытыкаваў кіраўнікоў адной са страхавых кампаній Берасця. Службовыя асобы страхавой кампаніі дапускалі злоўжыванні, кажа Павел Казлоў:

– Некаторыя супрацоўнікі пачалі мяне прымушаць памяншаць памер шкоды, калі і так не хапала. Я адмаўляўся здзяйсняць супрацьпраўныя дзеянні – спынілі са мной супрацоўніцтва. Я пра гэта заяўляў міністру фінансаў.

Паводле слоў праваабаронца Рамана Кісляка, які ўвесь час дапамагаў Казлову, рашэнне аб’ектыўнае і справядлівае, яно бароніць гонар і годнасць Казлова. Паколькі з падачы намесніка дырэктара страхавой кампаніі, Казлова судзілі за абразу і пакаралі штрафам:

– Камітэт прызнаў парушэнне і сказаў, што дзяржава не абгрунтавала навошта трэба было караць пенсіянера ў выглядзе прыцягнення яго да адміністратыўнай адказнасці і спагнання штрафу з яго за крытыку, якую ён выказаў у лісце міністру фінансаў, бо ліст не быў публічным крытыкай.

79-гадовы пенсіянер Павел Казлоў чакаў адказу з ААН з 2008 года, а пачаў барацьбу ў 2005 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя