Кампанія “Права выбару”: запісвайцеся ў назіральнікі на выбарчыя ўчасткі



15 ліпеня стала вядома, што БДІПЧ АБСЭ не будзе накіроўваць назіральнікаў на выбары прэзыдэнта Беларусі. Прычынай стала адсутнасць запрашэння з боку ўладаў Беларусі. Партыя БНФ разглядае гэты крок як яшчэ адно сведчанне адыходу ўладаў Беларусі ад мінімальных стандартаў свабодных і транспарэнтных выбараў.

Управа Партыі БНФ заяўляе, што пры адсутнасці паўнавартасных місіяў міжнароднага назірання надзвычайна павялічваецца роля ўнутраных назіральнікаў, асабліва тых, якія будуць накіраваныя на выбарчыя ўчасткі ў апошні перыяд кампаніі, падчас датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень выбараў 9 жніўня. Ацэнка беларускімі назіральнікамі ўмоваў галасавання і падліку галасоў будзе мець важнае значэнне не толькі для стаўлення беларускага грамадства да „каронавыбараў” Лукашэнкі, але і для міжнароднай ацэнкі вынікаў гэтых выбараў.

У сувязі з выкладзеным і на падставе рашэння Сойму Партыі БНФ ад 12 ліпеня Партыя БНФ заклікае грамадзянаў далучацца да назірання за выбарамі.

Партыя БНФ у межах шырокай міжпартыйнай кааліцыі “Права выбару 2020″ ажыццяўляе вылучэнне назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі. Запрашаем сябраў БНФ і іншых грамадзян падаваць звесткі для вылучэння ад арганізацыйных структур партыі і руху. Структуры БНФ маюць права накіраваць па два назіральнікі на кожны выбарчы ўчастак – аднаго ад Партыі БНФ і другога ад Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне”. БНФ мае права вылучаць назіральнікам як сваіх сябраў, так і непартыйных асобаў – прадстаўнік арганізацыі на ўчастку не абавязаны ўваходзіць у шэрагі аб’яднання.

Назіранне на ўчастках арганізуецца БНФ ды іншымі партыямі-удзельніцамі супольнай кампаніі назірання “Права выбару” як у асноўны дзень галасавання 9 жніўня, так і падчас датэрміновага галасавання, якое будзе адбывацца з 4 па 8 жніўня.

Грамадзянам, якія жадаюць быць накіраванымі на ўчасткі для галасавання ў якасці назіральнікаў, трэба

–       запоўніць электронную форму на сайце Права выбару,

 альбо

 –       звярнуцца ва ўправу БНФ на мэйл [email protected], у лісце пазначыць прозвішча, імя, імя па бацьку, дату нараджэння, месца жыхарства, кантактны тэлефон, участак куды жадаеце вылучацца (калі ёсьць) з пазначэннем населенага пункта (раёна).

Метадалогія назірання кампаніі “Права выбару” выкладзеная ў навучальных відэа, якія можна пабачыць тут.

narodny.org

[manual_related_posts]