Каму належыць “мастоўскі кумпячок”?



Гучная справа сябра Савета Рэспублікі Беларусі пятага склікання ад Ваўкавыскага, Дзятлаўскага і Слонімскага раёнаў, паспяховага бізнэсоўца, які за мінулы год у рэйтынгу па Гарадзенскай вобласці займае другі радок, Андрэя Паўлоўскага закранула ўскосна частку мастаўлян. Паўлоўскі – ўладальнік кампаніі “Біякам”, якая займаецца вытворчасцю замяняльнікаў цельнага малака і сухога абезтлушчанага малака, кармавых дадаткаў, біялагічных кансервантаў і нейтралізатараў. Яго актывы – “Біяком Агра” і “Біятэхналогіі”. Ён укладваў грошы ў нерухомасць: тэнісныя корты і кафэ. У Шчучыне яго кампанія “Праймілк” завяршае будаўніцтва буйнога завода па вытворчасці сыровачнага-тлушчавага канцэнтрата. Па прадстаўленні следчага камітэта РБ, Паўлоўскага вінавацяць ва неўплаце падаткаў у памерах 144 млрд. рублёў. Паўлоўскі пазбаўлены дэпутацкай недатыкальнасці і арыштаваны. Усё гэта справа кампетэнтных органаў. Аднак тое дае магчымасць даследаваць іншае пытанне, якое мае непасрэднае дачыненне да мастаўлян.

paulouski

У 2012-2013 гадах Паўлоўскі стаў уладальнікам буйных пакетаў акцый харчовых гігантаў Гарадзенскай вобласці: Ваўкавыскага “Беллакта”, Шчучынскага масласырзавода і агракамбіната “Скідзельскі”. Зараз яго дырэктар Сяргей Майтуза і кантора знаходзіцца ў Скідзелі па вуліцы Прамысловай. Агракамбінат валодае сям’ю ўнітарнымі прадпрыемствамі ў Гарадзенскім, Ваўкавыскім, Зэльвенскім, Слонімскім, Шчучынскім і Мастоўскім раёнах. Што датычыць Мастоўскага раёна, то агракамбінату належыць УП “Мастоўскі кумпячок” (з’яўляецца яго філіалам) і сельгаспрадпрыемства “Дубна”. У гады існавання СССР калгас “Дубна” быў самай моцнай гаспадаркай Мастоўшчыны. У 70-я гады мінулага стагоддзя на базе калгаса ў вёсцы Княжаводцы быў збудаваны свінагадоўчы комплекс “Прамень”, магутнасцю 20 тысяч галоў. Напачатку бягучага стагоддзя тут адбылася рэканстукцыя і паўстала самастойнае прадпрыемства “Мастоўскі кумпячок”, якое займаецца вырошчваннем і забоем свіней. Перапрацоўка свініны не вядзецца, а тушы іх пастаўляцца ў асноўным у Расію.

Аднак згодна сусветнага сеціва, “Мастоўскі кумпячок” мае не аднаго ўладальніка. Найперш можна адшукаць, што прадпрыемства з’яўляецца яшчэ філіялам ААТ “Гроднахлебапрадукт”, упраўленне якога знаходзіцца ў Гародні. Акрамя таго, “Кумпячок” з’яўляецца філіялам Прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Скідзельаграпрадукт”, які знаходзіцца па тым жа адрасе, што і агракамбінат. Спецыялісты сельгасупраўлення Мастоўскага райвыканкама толкам не могуць патлумачыць, хто валодае прадпрыемствам, якое знаходзіцца ў межах раёна і які лёс чакае “Мастоўскі кумпячок” у будучым.

Язэп Палубятка, Беларускае Радыё Рацыя

  • Anonim

    цельнага малака і сухога абезтлушчанага
    ———————————
    цельнай бывае карова, а малако – цЭльнае и абЯзтлушчанае

Комментарии для сайта Cackle