Каму не дагадзіў дзьмухавец?



У Менску хочуць распачаць барацьбу супраць дзьмухаўцоў: маўляў, пустазеллю на газонах не месца. Каб вытруціць кветкі, збіраюцца ўжыць гербіцыд, які называюць бясшкодным для навакольнага асяроддзя. Але, бадай, пры гэтым забываюць, што часткай гэтага асяроддзя ёсць і птушкі, для многіх з якіх дзьмухаўцы – асноўны корм.

Зелянушка ласуецца дзьмухаўцом. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага, birdwatch.by

Гербіцыд распрацавалі навукоўцы з Інстытута эксперыментальнай батанікі імя. В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі — ён ужо даўно ўжываецца на пасевах некаторых сельскагаспадарчых культур і для барацьбы з баршчэўнікам Сасноўскага. Цяпер навукоўцы падрыхтавалі рэкамендацыі па яго ўжыванні на гарадскіх газонах. УП «Мінскзеленбуд» збіраецца апрацаваць ім газоны ад «пустазелля» уздоўж праспекта Незалежнасці, каб тыя «мелі прыгожы выгляд», а 22 траўня — «акурат» у Сусветны дзень біяразнастайнасці — гербіцыдам апрацавалі плошчу Незалежнасці. На жаль, каментаваць штосьці па тэлефоне на прадпрыемстве адмовіліся.

Між тым, дзьмухавец не толькі прыгожая кветка, якая ўпрыгожвае гарадскія газоны, але і самы масавы корм, напрыклад, для юрковых птушак. Насеннем дзьмухаўца сілкуюцца берасцянкі, шчыглы, зелянушкі, канаплянкі, вераб’і і іншыя віды. Гэтая крыніца ежы важная і для птушанят. Акрамя таго, дзьмухавец — нектараносная расліна, якая падтрымлівае многіх насякомых-апыляльнікаў. Але гербіцыд ударыць не толькі па адным відзе: на газонах ён павінен пакінуць толькі злакавыя расліны. Вось такі прыцэльны ўдар па гарадской біяразнастайнасці.

ptushki.org