Каму перашкаджае гарадзенскі бровар?



Пажар на гарадзенскім бровары здарыўся ў нядзелю, 21-га траўня. Прычыны яго пакуль невядомыя, але вынікі пажару – адчувальныя. У прыватнасці, поўнасцю згарэў дах піўзавода. 

Ратавальнікі, міліцыя і следчыя шукаюць прычыну пажару. Сярод асноўных версій – неасцярожнае абыходжанне з агнём і падпал.

Наш карэспандэнт запытаў гарадзенцаў, што яны думаюць пра здарэнне:

– Гэты будынак вельмі доўга пуставаў. Зараз зямля вызваліцца, можа што і пабудуюць. Бровар стаяў без рэстаўрацыі. Там хацелі зрабіць музей. Але відаць захацелі па-іншаму вырашыць гэтую праблему. Сумна, вельмі сумна, калі бачыш, што з ім стала. У цэнтры Гародні засталося вельмі мала гістарычных будынкаў. Галоўнае, каб не падпалілі нашыя замкі і не пабудавалі там супермаркеты.

Будынак пасля пажару надалей не ахоўваецца і на яго тэрыторыю можна трапіць без перашкод.

Будынак гарадзенскага бровара вядомы з 17 стагоддзя як палац, які належаў славутаму роду Сапегаў. Доўгі час улады Гародні спрабавалі знайсці прымяненне будынку, які некалькі разоў выстаўлялі на аўкцыён. Аднак інвестара не знайшлося.

Стары будынак піўзавода знаходзіцца на маляўнічым беразе Нёмана ў цэнтральнай частцы Гародні. 

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Tut.by і Hrodna.life