Камунальныя службы Воршы заварваюць смеццеправоды ў дамах



У абвестках на пад’ездах паведамлялася, што гэта робіцца дзеля паасобнага збору смецця. Аднак у абсалютнай большасці аршанскіх двароў нават пасля таго, як смеццеправоды заварылі, вулічныя кантэйнеры разлічаны толькі на комплексныя адкіды. Кантэйнеры асобна для шкла, для паперы, для плястыка пакуль застаюцца толькі ў дакументах камунальшчыкаў. Жыхарка Воршы, у доме якой заварылі смеццеправод, цяпер спускаецца выкідаць смецце ў двор з 7-га паверха. Яна бачыць у сітуацыі і плюсы, і мінусы. А ў сартыровачны збор смецця не верыць.

– З аднаго боку зручна – бо няма смярдзючых пахаў, адзін плюс. А таксама насякомых і грызуноў. Таксама плюс. Мінус, што трэба цяпер са смеццем спускацца ў двор. Атрымліваецца: два плюсы, адзін мінус. І гэта добра, што смецце будзе такім чынам збірацца. Але, мне падаецца, ніхто не будзе рабіць сартыроўку свайго смецця – каб выбіраць са свайго вядра палітэлен, шкло, паперу і інш., як гэта заяўлялася камунальнікамі.

Занепакоенасць жыхароў выклікае і той факт, што некалькі бакаў для смецця стаяць літаральна на скрыжаванні дарогаў, каб выкінуць сваё вядро неабходна пераканацца ў адсутнасці руху машынаў. Завараны смеццеправоды і ў будынках, якім няма нават дзесяці гадоў. Самі ж аршанскія камунальшчыкі не могуць сказаць з пэўнасцю, калі ва ўсіх дварах з’явяцца кантэйнеры для паасобнага збору смецця.

dsc02637

dsc02651

Беларускае Радыё Рацыя