Віцебскія камуністы ледзь не пабіліся



Мітынг каля помніка, на які традыцыйна збіраюцца разам прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі і Партыі левых “Справядлівы свет” скончыўся скандалам: камуністы розных партый паспрачаліся, хто з іх “сапраўдны камуніст”, а хто “здраднік”.

Фота facebook.com/alena.sciapanava

На мітынгу было каля трох дзясяткаў чалавек. Спачатку выступіў сакратар Віцебскага абкама КПБ – Аляксандр Дзядзінкін, пазней прадстаўнікі ўладаў. Урэшце да прысутных звярнуўся Мікалай Селівашка, кіраўнік абласной структуры Партыі левых “Справядлівы свет”.

Дзядзінкін расцаніў гэты выступ як канкурэнцыю сваёй партыі. З крыкамі “Ідзіце адсюль, гэта ня ваш мітынг!” ён пачаў спіхваць спадара Селівашку з прыступак. Каля помніка чуліся воклічы “Здраднікі” і “Не, гэта вы здраднікі!”