Кандыдата ў дэпутаты „пабрылі” ў войска падчас перформансу



Незвычайны перадвыбарчы пікет адбыўся ў Менску каля вялікага гандлёва-забаўляльнага цэнтру „Дана Мол”. 21-гадовы праграміст, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Аляксей Лазараў і яго паплечнікі з грамадскай кампаніі „Моладзевы блок” арганізавалі перформанс. Асноўная яго ідэя – крытыка закону аб адтэрміноўках, па якому студэнты павінны служыць у войску. Моладзь адрэагавала на гэты закон, арганізаваўшы рух „Вучоба важней”. Аляксей Лазараў вылучаецца па Каліноўскай выбарчай акрузе №104.

– Рух «Вучоба важней» – гэта частка «Моладзевага блоку». У нас ёсць тры законапраекты, якія накіраваныя на тое, каб моладзь перастала з’язджаць з краіны. Мы хочам змяніць нашую армію, каб яна стала больш прывабнай для людзей, каб людзі не так яе баяліся, каб атрымлівалі грошы за службу. Мы таксама хочам размежаваць адказнасць за лёгкія і цяжкія наркотыкі, каб маладых людзей за грам канабіса не садзілі на пяць гадоў. А таксама мы хочам, каб было адменена размеркаванне.

Падчас перформансу прайшлі конкурсы на найбольш бессэнсоўныя віды дзейнасці, якія сімвалізуюць, па меркаванню арганізатараў пікету, бессэнсоўнасць службы маладых спецыялістаў у войску. Напрыклад, пакраска травы, ці „дзеянне без карысці”, калі маладыя людзі бясконца перасыпаюць пясок з вядра ў вядро. „Мы спрабуем паказаць, што армія існуе не для гэтага. Трэба рэфармаваць яе, змяняць да лепшага, каб людзі хацелі ў ёй служыць,” – тлумачыць Аляксей Лазараў.

Кульмінацыяй перформансу стала з’яўленне грамадскага актывіста, прафесійнага цырульніка Паўла Вінаградава, які падчас пікету ў прамым сэнсе слова „забрыў” кандыдата ў дэпутаты, пагаліўшы машынкай яго галаву.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота euroradio.fm