Канстытуцыйны суд Беларусі вынес вердыкт адносна „карты паляка”



Канстытуцыйны суд Беларусі прызнаў адпаведнымі Канстытуцыі папраўкі ў заканадаўства, якія забараняюць ратавальнікам і вайскоўцам атрымліваць „карту паляка” і карыстацца ёю.

„Атрыманне гэтых ільготаў і перавагаў можа паставіць іх (вайскоўцаў і ратавальнікаў) у пэўную залежнасць ад замежных дзяржаў і выклікаць канфлікт інтарэсаў”, — гаворыцца ў дакуменце.

Як паведамлялася раней, прынятыя парламентам папраўкі ў заканадаўства тычацца ўстанаўлення абмежаванняў для вайскоўцаў і супрацоўнікаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях на атрыманне ад замежных дзяржаў дакументаў, якія даюць права на льготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю, і гэтак жа на карыстанне такімі льготамі і перавагамі, калі іншае не вынікае з міжнародных дагавораў Беларусі.

Аналагічныя абмежаванні былі ўведзены ў 2012-2013 гадах у дачыненні да дзяржслужачых, ваенных і супрацоўнікаў міліцыі.

Беларускае Радыё Рацыя