Канцэрт Лявона Вольскага ў Вільні



Больш за тысячу беларусаў прыехала на канцэрт у віленскі «Loftas», каб паслухаць новы альбом Лявона Вольскага “Псіхасаматыка”. Каб людзі маглі дабрацца з Менска ў Вільню, пусцілі дадатковы цягнік і аўтобусы. Свой выступ Лявон Вольскі пачаў з гадзінным спазненнем, бо чакаў натоўп людзей, які стаяў на вуліцы перад уваходам у клуб.

Слухачы з вялікай падзякай успрынялі новыя песні гурту, кажа кіраўнік «Арт-Сядзібы» Павел Белавус:

Гэтая з’ява, калі жыхары адной краіны едуць у суседнюю краіну, каб паслухаць свой гурт, – вельмі дзіўная і ўнікальная. І такога ў свеце больш няма. Прынамсі я больш не ведаю такіх прыкладаў. Прычым людзі едуць паслухаць гурт на сваёй нацыянальнай мове. Але я супраць такой з’явы, бо, з другога боку, яна нас ганьбіць. Бо такіх прэцэдэнтаў у свеце больш няма.

Працягвае Алесь Лагвінец:

Лявон – гэта з’ява, гэта глыба. І тое, што ён меў мала магчымасцяў выступаць у Беларусі, а збольшага вымушаны быў выступаць за мяжой, відавочна, ганьба для ўладаў, але і адначасова ў нечым прызнанне для Лявона. І тое, што людзі едуць у Вільню, Беласток, Варшаву, каб яго паслухаць, – гэта доказ, сведчанне прызнання Лявона Вольскага.

Пасля 2-гадзіннага выступу Лявон Вольскі выканаў дзве песні са старых альбомаў “Паветраны шар” і “Тры чарапахі” на біс. І яшчэ цягам гадзіны на вуліцах Вільні было чуваць беларускія песні на словы Лявона Вольскага.

Беларускае Радыё Рацыя, Вільня