Журналістка Вольга Чайчыц зноў аштрафаваная



Карэспандэнтка тэлеканала „Белсат” Вольга Чайчыц аштрафаваная на 1.225 рублёў за сюжэт пра пратэсты жыхароў аднаго з мікрараёнаў у Смалявічах супраць закрыцця крамы. Такое рашэнне прыняў 5 верасня суд у Смалявічах (Менская вобласць).

„Суддзя Аляксандр Казлоўскі сказаў, што лічыць мае паказанні, якія даказваюць маю невінаватасць, хлуснёй, — напісала Чайчыц на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”. — Я там артыкулы Канстытуцыі і закона называла, якія дазваляюць мне збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Прэзумпцыя вінаватасці”.

Гэты штраф стаў для Чайчыц сёлета дзявятым, сума штрафаў складае 8.452 рублі (каля 4.200 даляраў).

Паводле дадзеных тэлеканала „Белсат”, з пачатку года журналісты, якія з ім супрацоўнічаюць, атрымалі штрафы на агульную суму каля 30 тысяч даляраў у эквіваленце.

Спадарожнікавы беларускамоўны тэлеканал „Белсат” вяшчае на Беларусь з 10 снежня 2007 года. Ён створаны як структурнае падраздзяленне Польскага тэлебачання, рэдакцыя „Белсата” размяшчаецца ў Варшаве.

belapan.by