Карпенка расказаў, як зменяцца выпускныя экзамены ў школах



Выпускныя іспыты ў школах могуць змяніцца ўжо ў 2023 годзе, заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка ў інтэрв’ю тэлеканалу СТБ.

 

Кодэкс аб адукацыі ўнесены ў парадак дня восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў. Калі дэпутаты ўхваляць дакумент, а затым яго зацвердзіць Савет Рэспублікі і падпіша кіраўнік дзяржавы, то „хутчэй за ўсё такая атэстацыя магчымая з 23-га года”, сказаў Карпенка. Гаворка ідзе пра тое, каб сумясціць выпускныя экзамены ў школах і ўступныя выпрабаванні ў ВНУ. Зараз школьнікі вымушаныя асобна рыхтавацца да школьных іспытаў і да Цэнтралізаванага тэставання. Рэформа прадугледжвае „сумясціць экзамены, каб разгрузіць вучня”, патлумачыў міністр. Экзамен прапануюць назваць нацыянальным і праводзіць у пунктах тэставання.

11-класнікі будуць здаваць такі нацыянальны экзамен па беларускай або рускай мове на выбар і па матэматыцы. Адзін вусны экзамен трэба будзе здаць у школе. Гэта будзе экзамен па замежнай мове.  Цяпер выпускнікі пішуць пераказ па рускай або беларускай мове, кантрольную па матэматыцы і здаюць вусныя экзамены па замежнай мове і па гісторыі. Ці пакінуць экзамен па гісторыі пасля рэформы так і засталося не зразумелым. Карпенка яго не згадаў.

Беларускае Радыё Рацыя