Карупцыя на Гарадзеншчыне
Штогод на Гарадзеншчыне выяўляецца больш за трыста злачынстваў карупцыйнага характару.
Большая палова парушальнікаў заканадаўства атрымлівае працяглыя тэрміны турэмнага зняволення.Чыноўнікі і дзяржаўныя служачыя розных узроўняў зазвычай прыцягваюцца да адказнасці за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і атрыманне хабараў. Як зазначае юрыст Беларускага Хельсінскага камітэта, Гары Паганяйла, карумпаванасць улады – тое, без чаго не можа існаваць аўтарытарная дзяржава, якой і з’яўляецца, у прыватнасці, Беларусь:
— У аніводнай з постсавецкіх краінаў няма такога заканадаўства, пры якім ёсць магчымасць звярнуцца да прэзідэнта і ён вызваляе карупцыянера, раскрадальніка ад крымінальнай адказнасці, хоць таго злавілі і выкрылі.
Найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў на Гарадзеншчыне фіксуецца ў сферы аховы здароўя. На працягу года лекары Прынёманскага рэгіёна найбольш часта прыцягваліся да адказнасці за атрыманне хабараў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
