Кастусь Жукоўскі: Гэта проста вельмі дзіка выглядае



Працягваецца пераслед гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага, які з’ехаў у эміграцыю. Паводле словаў фрылансера, які знайшоў прыстанішча ў адной з еўрапейскіх краін, ужо некалькі разоў з ім спрабаваў звязацца судовы выканаўца, нягледзячы на аплачаныя штрафы па ранейшых адміністрацыйных справах. Кастусь Жукоўскі мяркуе, што ўлады не забываюцца на яго, паколькі ён плануе абнародаваць дадзеныя пра карупцыю чыноўнікаў і прававое бязмежжа.

– Улада не спыніла пераслед, хоць я і з’ехаў, і карыстаючыся тым, што я не магу аплаціць штраф, або пацвердзіць, што ён сплочаны, хоць ён сапраўды сплочаны. Можа спрабуюць выманіць мяне ў Беларусь. Шлюць мне рознае, хочуць даведацца: дзе я і што я. Гэта проста вельмі дзіка выглядае. Я маленькі чалавечак. Можа шкоды ім шмат нанёс. Я яшчэ, магчыма, хутка пачну ім наносіць шкоду… Гэта сведчыць, што яны адарваліся ад рэальнасці.

Апрача візітаў судовага выканаўцы, Кастуся Жукоўскага апавясцілі пра тое, што на яго складзены чарговы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле артыкула 22.9 Кодэкса “Аб адміністрацыйных правапарушэннях” (незаконны выраб прадукцыі СМІ). Журналіста плануюць судзіць у Лунінцы за сюжэт, які выходзіў на тэлеканале “Белсат” у канцы 2018 года.

Беларускае Радыё Рацыя