Кастусёў: Будзем шукаць іншую пляцоўку для Дня Волі



Прадстаўнікі аргкамітэта па святкаванні 101-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка ў Менску маюць намер у панядзелак, 4 сакавіка, пачаць з гарадскімі ўладамі абмеркаванне магчымых варыянтаў месца правядзення акцыі. Пра гэта паведаміў БелаПАН член аргкамітэта, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, каментуючы заяву Аляксандра Лукашэнкі, якая прагучала падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам”, пра тое, што на стадыёне „Дынама” мерапрыемства не адбудзецца.

„Што да святкавання на стадыёне „Дынама” — гэтага не будзе. Мэр горада гэта чуе”, — сказаў ён.

Лукашэнка прапаноўвае адзначыць гэтую дату на плошчы Бангалор.

„Навошта вы лезеце на стадыён „Дынама”? Вы ведаеце, гэта нават асабістая абраза. Вы ведаеце, колькі я ўклаў туды, у рэканструкцыю стадыёна, збіраючы па драбках грошы, націскаючы на прадпрымальнікаў, бюджэт выдзяляў — падрыхтаваліся да Еўрапейскіх гульняў. Усяму свету прадэманструем! А вы ўжо лезеце на гэты стадыён „Дынама”, калі ёсць месца для правядзення такіх акцый”, — заявіў афіцыйны лідар. „Таму не марнуйце нервы, не ідзіце на канфрантацыю, таму што пасля гэтага пачнуцца нейкія рухі. Давайце збірацца на Бангалоры. Стагоддзе [абвяшчэння БНР], вялікі этап, — адсвяткавалі. Давайце святкаваць у тых месцах, у якіх гэта трэба”, — дадаў Лукашэнка, звяртаючыся да апазіцыі.

„Плошча Бангалор мяне як заяўніка не задавальняе. Будзем сустракацца з гарадскімі ўладамі, шукаць іншы варыянт. Я ўжо пагутарыў са старшынёй Менгарвыканкама Анатолем Сіваком. З яго боку я пачуў, што ён перагаварыць са сваімі намеснікамі, памочнікамі. У любым выпадку, я лічу, у панядзелак мы гэтую працу ўзмоцнім, і спадзяюся, што нейкі вынік будзе”, — сказаў Кастусёў.

Каментуючы заяву Лукашэнкі аб тым, што ён лічыць „асабістай абразай” падачу заяўкі на правядзенне Дня Волі на стадыёне, Кастусёў адзначыў: „Я пра гэтую сітуацыю, аб забароне „Дынама”, ужо неафіцыйна валодаў інфармацыяй некалькі дзён. Сёння атрымалі пацвярджэнне з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі, што на „Дынама” ніякім чынам не будзе дазволена праводзіць гэта мерапрыемства. Як я зразумеў, тут ёсць нагода: быццам бы Аляксандр Лукашэнка прыклаў вялікія намаганні для рэканструкцыі стадыёна. І ў яго, можа быць, у нейкай ступені рэўнасць прачнулася, што апазіцыя падала заяўку на правядзенне там мітынгу. Па-другое, я думаю, ёсць асцярога, што будзе сапсавана пакрыццё футбольнага поля. Але дакладную прычыну ведае толькі той, хто пра гэта сказаў”.

Старшыня Партыі БНФ, які прыняў удзел у „Вялікай размове”, падкрэсліў, што з вуснаў Лукашэнкі „новага нічога не пачуў”. „Пазіцыю Лукашэнкі я ведаю даўным-даўно. Самае дрэннае, што я пачуў, — тое стаўленне да беларускай мовы, стаўленне да беларускасці, культуры, у нейкай ступені негатыўнае. Гэта мяне ўразіла ў дрэнным сэнсе. Усё ж такі, пакуль мы не павернемся тварам да беларускай культуры, мы не пабудуем тую Беларусь, пра якую мы марым і пра якую кажа Аляксандр Лукашэнка”, — лічыць апазіцыйны палітык.

Заяўка на правядзенне 24 сакавіка на стадыёне „Дынама” масавых мерапрыемстваў з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі была пададзеная 16 студзеня ад імя Партыі БНФ і культурнай пляцоўкі „Арт Сядзіба”. 4 лютага члены аргкамітэта накіравалі ўладам зварот з заклікам годна адзначыць гэтую гадавіну. Дакумент і яго копіі з подпісамі васьмі членаў аргкамітэта перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта, урад і Мінгарвыканкам.

Гэта не адзінае мерапрыемства, якое да гадавіны абвяшчэння БНР арганізуюць дэмсілы. Тры палітычныя арганізацыі — Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Аб’яднаная грамадзянская партыя і рух „За Свабоду” — 28 студзеня падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне 25 сакавіка на пляцоўцы каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета мітынгу, прымеркаванага да Дня Волі.

У 2018 годзе святочныя мерапрыемствы каля опернага тэатра ў сталіцы ў гонар 100-годдзя абвяшчэння БНР, паводле ацэнак арганізатараў, сабралі да 50 тыс. чалавек.