Каталіцкі касцёл лічыць сітуацыю ў Котаўцы новым пераследам



Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі разглядае сітуацыю, звязаную з прыпыненнем будаўніцтва новага храма ў менскім скверы Котаўка, як яго пераслед з боку прадстаўнікоў экалагічных арганізацый. Пра гэта на сустрэчы з журналістамі 22 снежня ў Менску заявіў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

143391852826574-11

Паводле арцыбіскупа, не касцёл выбіраў месца пад храм – улады прынялі такое рашэнне па просьбе курыі пяць гадоў таму. «Хто займаўся будоўляй, ведае, чаго каштуюць адны ўзгадненні, мноства папер – у нас гэта заняло 5 гадоў», — сказаў Кандрусевіч.

— Гэта 5 гадоў працы і я ўжо не кажу пра фінансавыя затраты. Толькі 14 % тэрыторыі гэтага скверу было перададзена для касцёла, а сам касцёл займае 1,5%. Каля 50 дрэў трэба ссекчы, але мы пасадзім больш чым пяцьсот, якія там знаходзяцца. Выходзіць, можна нейкім чынам так збунтаваць людзей, і так прадставіць усю сітуацыю, што мы сёння не ведаем, як яна завершыцца да канца.

Мітрапаліт падкрэсліў, што касцёл гатовы да кампрамісаў, у курыю былі запрошаныя лідары «зялёных», але размовы не атрымалася.

— Мы не хочам таксама ніякіх рэвалюцый, мы не хочам падымаць народ, але ўсё было зроблена паводле закона, атрыманыя усе патрэбныя дазволы. Нам кажуць, што трэба знайсці кампраміс. Але другі бок не дае ніякага кампрамісу. Адзіны кампраміс быў: вазьміце касцёл і перанясіце ў іншае месца. Гэта ж не узяць на шахматнай дошцы і перанесці фігуру, гэта больш складана.

Паводле Тадэвуша Кандрусевіча, надзеі на тое, што касцёл будзе пабудаваны ў Котаўцы, у яго амаль няма. «Хачу нагадаць, што касцёл заўсёды выступаў за экалогію, але ў тым ліку і за экалогію душы, не трэба на яе забывацца», — сказаў Кандрусевіч.

Беларускае Радыё Рацыя