Каталіцкія, грэка-каталіцкія і пратэстанцкія вернікі святкуюць Божае Нараджэнне



Ва ўсіх касцёлах Беларусі праходзяць святочныя набажэнствы. Каталіцкія, грэка-каталіцкія і пратэстанцкія вернікі адзначаюць Божае Нараджэнне.

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім пастырскім пасланні да вернікаў адзначыў, што сучасны свет „усё больш і больш акунаецца ў розныя крызісы, ліхаманкава шукае выйсця з іх і, абапіраючыся толькі на свае чалавечыя сілы і магчымасці, не можа знайсці”.

Прычыну крызісаў неабходна шукаць „у маральным крызісе, які завалодаў чалавецтвам, а выйсце — у Божай дапамозе”, падкрэсліў кіраўнік беларускага касцёла.

Яшчэ адной прычынай многіх крызісаў арцыбіскуп Кандрусевіч назваў „сучасныя тэндэнцыі імкнення да свабоды без адказнасці і непрызнанне існавання абсалютнай праўды, якою з’яўляецца Божы закон”.

Як адзначаецца ў пасланні, адным з найбольш хвалюючых крызісаў з’яўляецца крызіс сям’і, калі „разводы становяцца нормай”, а само паняцце сям’і змяняецца. Мітрапаліт з неўхваленнем адзначыў, што палова краін Еўрасаюза ўжо легалізавала гомасексуальныя сужэнствы, прычым — з правам усынаўлення. Замест касцёла сем’і ўсё больш неведваюць „супермаркеты, стадыёны, канцэртныя залы”, адзначыў кіраўнік беларускага касцёла.

Жыццё сёння „дэвальвуецца, становіцца таварам, які можна набыць і прадаць”, „распаўсюджваецца практыка абортаў, што з’яўляецца забіццём ненароджанага жыцця”, гаворыцца ў пасланні. Еўропа перажывае „працэс дэмаграфічнага самагубства, выйсця з якога не гарантуюць ні палітычныя, ні эканамічныя рашэнні, бо гэта праблема сэрца, праблема духоўнага стану грамадства”.

„Касцёл цвёрда стаіць на прынцыпах абароны жыцця і таму ў сваім вучэнні выказваецца за забарону смяротнага пакарання, — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Жыццё — гэта самы вялікі і каштоўны Божы дар. Бог даў, і ніхто не мае права яго адабраць. Вядома, што кожнае злачынства, асабліва забойства, — гэта зло, бо ніхто не верне жыцця. Аднак у наш час існуе дастаткова метадаў абясшкодзіць злачынца так, каб ён нікому не мог прычыніць зла і адбываў пажыццёвае зняволенне. Устрыманне ад смяротнай кары адпавядае годнасці чалавечай асобы, умовам агульнага дабра і з’яўляецца выражэннем павагі да права кожнага чалавека на жыццё”.

Мэтай адмены смяротнага пакарання з’яўляецца абарона чалавечай годнасці, на якую мае права нават забойца, дадаў кіраўнік касцёла.

„Перажываючы радасць свята Божага Нараджэння мы павінны засяродзіцца не толькі і не столькі на знешнім святкаванні, колькі на яго сутнасці: ці дазваляем мы Езусу нарадзіцца сваёй ласкай у нашых сэрцах і душах, каб Яго духоўная энергія дапамагла нам вырашыць праблемы і крызісы, з якімі мы сустракаемся”, — заключыў каталіцкі іерарх.

Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены чатырма дыяцэзіямі, якія аб’ядноўваюць 630 парафій. Для парафіян адкрыта больш за 450 каталіцкіх храмаў, яшчэ некалькі дзясяткаў будуюцца. У Беларусі служаць звыш 470 каталіцкіх святароў.

belapan.by