Католікі, грэка-католікі і пратэстанты рыхтуюцца да сустрэчы Божага Нараджэння



Католікі, грэка-католікі і пратэстанты рыхтуюцца сустрэць свята Божага Нараджэння. 24 і 25 снежня ва ўсіх храмах гэтых канфесій пройдуць святочныя набажэнствы.

У менскім архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі святочная імша на польскай мове пачнецца ў 19.00. Беларускамоўнае набажэнства ў галоўным каталіцкім храме сталіцы ў 21.00 узначаліць апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр, паведамляе афіцыйны партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

У 19.00 набажэнствы пройдуць у парафіі Маці Божай Будслаўскай — у аднайменнай капліцы ў мікрараёне Красны Бор, а таксама ў парафіі Святога Антонія — у актавай зале ЖЭС № 84 у Малінаўцы.

У касцёле Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) на плошчы Незалежнасці святочная імша на беларускай мове пачнецца ў 20.00, а праз дзве гадзіны пасля — на польскай.

Набажэнствы ў касцёлах Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы, Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках, а таксама ў капліцы парафіі Святых Яна Евангеліста і Максімільяна Кольбэ ў мікрараёне Дамброўка пачнуцца ў 21.00.

У 22.00 імшы да свята Божага Нараджэння пройдуць у капліцы Маці Божай Шкаплернай парафіі Божага Цела ў мікрараёне Ангарская, капліцы Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы, цэнтры Святога Язэпа парафіі Хрыста Збаўцы і Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Шабанах ды ў капліцы парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сухараве.

У капліцы душпастырскага цэнтра пры епіскапаце Беларусі для вернікаў парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла і святога Яўгена дэ Мазэно святочнае набажэнства пачнецца ў 23.00.

belapan.by